Пяць гадоў таму загінуў журналіст Алег Бябенін


Трагічная смерць Алега Бябеніна, вядомага журналіста, заснавальніка сайту charter97.org 3 верасня 2010 г. сталася вынікам ягонае працоўнае дзейнасці, з аднаго боку, і палітычнага запалохвання сродкаў масавай інфармацыі – з іншага. Так лічаць тыя, хто яго ведаў.

Яго знайшлі павешаным 3 верасня 2010 года на лецышчы пад Менскам.

Праверку абставін смерці праводзіла пракуратура Менскай вобласці. Улада ж паспяшалася заявіць, што смерць Алега – самагубства. Следчыя заявілі, што на целе журналіста не было знойдзена ніякіх слядоў гвалту. Перадсмяротнай запіскі выяўлена не было. Тэрмін праверкі некалькі разоў працягвалі, але ў выніку ўзбуджаць крымінальную справу па факце смерці адмовіліся.

Акалічнасці ягонай смерці да гэтай пары выклікаюць шмат пытанняў. Паплечнікі і сябры Бябеніна не вераць, што журналіст пакончыў жыццё самагубствам. Тыя з іх, хто быў на месцы здарэння, заяўляюць пра наяўнасць на ягоным целе слядоў гвалту. Эксгумацыі цела Алега Бябеніна не праводзілася.

Бябенін уваходзіў у каманду аднаго з канкурэнтаў Лукашэнкі на выбарах 19 снежня — лідара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Саннікава. Некалькі журналістаў, якія публічна выказвалі сумневы ў афіцыйнай версіі, атрымалі пагрозы.

Вікторыя Кольчына ў 2010 годзе зняла дакументальны фільм «Алег Бябенін: Я застануся».

Фільм распавядае пра тых, хто, ігнаруючы пагрозы свайму жыццю, не перастае выконваць свайго абавязку, нават ведаючы, што здарылася з Алегам Бябеніным. Незалежныя журналісты ў любы момант могуць быць арыштаваныя, збітыя ці вывезеныя ў лес на «нефармальную размову». Шмат хто з герояў фільму добра ведаў Алега, і шмат каму з іх можа пагражаць такая ж доля.

belsat.eu, baj.by

Глядзі таксама
Каментары