Пуцін зноў заявіў, што расейская вайсковая аперацыя ў Сірыі завяршаецца


Падчас сустрэчы прэзідэнтаў Расеі і Сірыі Уладзіміра Пуціна і Башара Асада было заяўлена аб «завяршэнні сумеснай работы па барацьбе з тэрарыстамі на тэрыторыі Сірыі».

«Што тычацца нашай сумеснай работы па барацьбе з тэрарыстамі на тэрыторыі Сірыі, гэтая вайсковая аперацыя сапраўды завяршаецца», – цытуе Пуціна сайт Крамля.

Пуцін адзначыў, што надыходзіць час палітычнага ўрэгулявання. У прыватнасці, 23 лістапада ў Сочы запланавана сустрэча Пуціна з прэзідэнтамі Турэччыны і Ірану па сірыйскім пытанні. Прэзідэнт РФ таксама сказаў, што палітычны працэс у Сірыі «павінен ажыццяўляцца пад эгідай Арганізацыі Аб’яднаных Нацый».

«Спадзяюся, у найбліжэйшы час мы паставім канчатковую кропку ў барацьбе з тэрарызмам у Сірыі, хоць зразумела, што ачагі яшчэ будуць, яны яшчэ будуць узнікаць. Так што праблем з тэрарызмам яшчэ хапае і ў свеце, і на Блізкім Усходзе, і ў Сірыі ў тым ліку. Але асноўная задача ўжо блізкая да завяршэння, і можна будзе сказаць у найбліжэйшы час, што мы яе вырашылі», – падкрэсліў ён.

Башар Асад у сваю чаргу падзякаваў расейскаму боку за вайсковую аперацыю ў Сірыі.

Пуцін не ўпершыню кажа пра тое, што аперацыя ў Сірыі практычна завершаная. Яшчэ 14 сакавіка 2016 года прэзідэнт РФ заявіў, што задачы, пастаўленыя перад Мінабароны ў Сірыі выкананы, і загадаў пачаць вывад расейскай вайсковай групоўкі.

 

КА, belsat.eu

Стужка навінаў