Пуцін заявіў, што не будзе «аб’яўляць ніякай блакады» расейскім спартоўцам, якія паедуць у Пхёнчхан


фота ТАСС

Расейскія ўлады не выступяць супраць удзелу асобных спартоўцаў у Алімпіядзе-2018 у Пхёнчхане, заявіў прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін.

«Мы, без усялякага сумневу, не будзем аб’яўляць ніякай блакады, не будзем перашкаджаць нашым алімпійцам браць удзел, калі нехта з іх захоча прыняць удзел у асабістай якасці», – перадае «Інтэрфакс» словы Пуціна на сустрэчы з рабочымі Горкаўскага аўтамабільнага заводу.

«Трэба наўпрост сказаць, што мы часткова самі ў гэтым вінаватыя, таму што далі падставу для гэтага», – пракамэнтаваў Пуцін рашэнне Міжнароднага алімпійскага камітэту адхіліць зборную Расеі ад удзелу ў Гульнях. Пры гэтым, паводле слоў Пуціна, «гэтай падставай скарысталіся не зусім сумленным чынам».

Расейскі кіраўнік таксама паставіў пад сумнеў факты, якімі кіраваўся МАК у сваім рашэнні.

Нагадаем, 5 снежня Міжнародны алімпійскі камітэт па выніках пасяджэння ў Лазане вырашыў адхіліць расейскую зборную ад зімовых Алімпійскіх гульняў у паўднёвакарэйскім Пхёнчхане.

Расейскія спартоўцы, не замяшаныя ва ўжыванні допінгу, змогуць выступіць пад нейтральным сцягам.

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары