«Пуцін – забойца!»: «Малады фронт» сарваў адкрыццё муралу «Менск-Масква»

video

Адзін з лідараў «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч і некалькі актывістаў з бел-чырвона-белымі сцягамі ды плакатамі пікетавалі афіцыйнае адкрыццё графіці на вуліцы Магілёўскай у Менску, на якім беларускі хлопчык дорыць кветкі расейскай дзяўчынцы. Гучная музыка заглушыла і афіцыйную частку ўрачыстасці, і альтэрнатыўную.

8-га чэрвеня а 17:00 гадзіне ля графіці на Магілёўскай, 32 сабралася каля сотні людзей. Асноўная частка – юныя дзяўчаты і хлопцы. У першым шэрагу са сцягамі стаялі маладзёны ў майках «Белая Русь». Неўзабаве зʼявіліся сцягі Камуністычнай партыі Беларусі, якія трымалі такія ж маладыя людзі.

Зміцер Дашкевіч з паплечнікамі з «Маладога фронту» прыйшлі таксама а 17:00 гадзіне, як і анансавалі ў сацыяльных сетках. Іх акружылі міліцыянты і журналісты. Пэўны час арганізатары не ведалі, што рабіць: музыку з узмацняльнікаў то ўключалі гучней, то сцішалі.

Міліцыя стала складаць пратаколы. «Цітушкі» ў спартовых касцюмах не давалі пікетоўцам падысці бліжэй да муралу.

«Вы самі запрасілі менчукоў на гэтае адкрыццё – мы прыйшлі! Тыя таксама са сцягамі стаяць!» – даводзіў людзям у форме Зміцер Дашкевіч.

Пачатак цырымоніі зацягваўся. Урэшце песні пра Маскву і Менск зрабілі гучней, а масоўка падцягнулася бліжэй. Прадстаўнікі Менгарвыканкаму і мэрыі Масквы сімвалічна пшыкнулі балончыкамі з фарбай унізе графіці. Прамоваў у мікрафон чуваць не было. Праз пару хвілін людзі ў майках «Белай Русі» ужо згортвалі сцягі.

Праз 20 хвілін разышліся і пікетоўцы. З тэлефонамі за імі бегалі дзеці, бабулі ўшчувалі за тое, што тыя «прыйшлі сюды за долары».

Міліцыя склала прынамсі 6 пратаколаў аб адміністрацыйным правапарушэнні. Затрыманняў не было.

Каля графіці адбыліся фактычна два мітынгі: у гонар сяброўства з Расеяй і «Не саюзу з бандай!».

Пазней актывістам удалося выйсці з ачаплення. Зміцер Дашкевіч падзякаваў удзельнікам акцыі ды сказаў: «Смешна, што дзяржаўныя мужы, урады Менску ды Масквы спужаліся пяці бел-чырвона-белых сцягоў».

Графіці намаляваў мастак з Яраслаўля Артур Кошак. Эскіз распрацоўвала расейская кампанія «Novatek Art» на замову ўраду Масквы. Малюнак, на якім беларускі хлопчык дорыць кветкі расейскай дзяўчынцы, сімвалізуе сяброўства сталіцаў Беларусі і Расеі.

ХМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары