«Пуцін, Трамп, Ле Пэн?!! Не!». Парыжане маніфестуюць супраць Нацыянальнага Фронту


Некалькі сотняў чалавек сабраліся на плошчы Рэспублікі ў Парыжы ўвечары 24 красавіка, каб выказаць сваё незадавальненне поспехам Марын Ле Пэн у першым туры прэзідэнцкіх выбараў. Мітынгоўцы прызывалі мабілізавацца ў другім туры і галасаваць супраць Ле Пэн.

«Сёння больш няма гарантыі, што Нацыянальны фронт не можа ўчыніць шкоды дэмакратыі, і агучаныя лічбы галасавання вельмі хвалююць, – тлумачыць AFP Дамінік Сопо, галава асацыяцыі SOS Racisme.

У натоўпе на плакатах можна прачытаць надпісы : «Не нянавісці, не Нацыянальнаму фронту», «Пуцін, Трамп, Ле Пэн?!! Не!».

«Для нас гэта быццам ужо нармальная зʼява – Марын Ле Пэн у другім туры. Трэба прачынацца, рэспубліканцам трэба мабілізавацца», – тлумачыць свой удзел у акцыі Сесіль Гілье, 40-гадовая жанчына.

Да маніфестацыі далучыліся шматлікія асацыяцыі, студэнцкія суполкі, грамадскія і палітычныя рухі.

«Патрэбна добра тлумачыць гэтую розніцу ў выбары паміж двума кандыдатамі, – распавядае Дамінік Сопо. Галоўнай матывацыяй аддаць голас за Ле Пэн зʼяўляецца іміграцыйнае пытанне, а гэта азначае прыняцце расізму, антысемітызму ў Францыі».

 

«Мы на плошчы Рэспублікі ў Парыжы, каб сказаць «не» Ле Пэн».

ВЧ, belsat.eu паводле AFP.com

Стужка навінаў