Пуцін спаслаўся на фэйкавую навіну расейскага тэлебачання


Прэзідэнт Расеі распавёў на пасяджэнні гісторыю пра бежанца ў Еўропе, нібыта апраўданага па справе аб згвалтаванні. Раней такую навіну паказалі на расейскім Першым канале, але еўрапейскія медыі яе зняпраўдзілі.

Уладзімір Пуцін спаслаўся на нязгодную з рэчаіснасцю навіну расейскага Першага каналу, дзе гаворка ішла пра ўцекача ў Аўстрыі, якога нібыта апраўдалі па справе аб згвалтаванні дзіцяці. Дыялог расейскага прэзідэнта з кіраўніком Федэральнай лезгінскай нацыянальна-культурнай аўтаноміі Арыфам Керымавым, падчас якога Пуцін згадаў гэтую гісторыю, адбыўся на пасяджэнні Савету па міжнацыянальных адносінах.

Керымаў прапанаваў прэзідэнту Расеі разгледзець пытанне аб спрашчэнні працэсу атрымання расейскага грамадзянства для прадстаўнікоў расейскіх народнасцяў, якія жывуць за мяжой, і спаслаўся на еўрапейскі досвед у гэтым пытанні. Пуцін адказаў, што «еўрапейскі досвед цяпер не самы лепшы», і прывёў наступны аргумент: «Вы ж бачылі, што адбываецца: імігрант згвалціў дзіця ў адной з еўрапейскіх краін. Суд яго апраўдаў».

Раней, 26 кастрычніка, расейскі Першы канал паведаміў аб апраўданні іракскага бежанца, які абвінавачваецца ў згвалтаванні 10-гадовага хлопчыка. На справе Вярхоўны суд Аўстрыі пакінуў у сіле прысуд па пункце абвінавачвання ў «сексуальных дзеяннях з абцяжарвальнымі абставінамі», адправіўшы на перагляд справу паводле іншага аспекту («згвалтаванне») праз працэдурныя памылкі. Падсудны пры гэтым працягвае знаходзіцца ў следчым ізалятары.

Нямецкае выданне «Deutsche Welle» апублікавала падрабязнае абвяржэнне навіны Першага каналу. Неўзабаве некарэктнае паведамленне было выдаленае з сайта тэлеканалу, але яго копія захавалася ў кэшы Google.

МЯ, паводле dw.com

Стужка навінаў