Пуцін распавёў, як у 2014 годзе дазволіў сілавікам збіць пассажырскі «Боінг», які нібыта пагражаў Сочы


У сеціве з’явіўся фільм пра Уладзіміра Пуціна, які быў зняты расейскімі прапагандыстамі і прэс-сакратаром выбарчага штаба Пуціна Андрэем Кандрашовым. У фільме расейскі прэзідэнт, у прыватнасці, распавядае нікому не вядомую гісторыю, якая нібыта адбылася ў дзень адкрыцця Алімпійскіх гульняў у Сочы ў 2014 годзе.

«Адʼютант перадаў мне тэлефон – тэлефанаваў адзін з кіраўнікоў аператыўнага штаба па забеспячэнні бяспекі Алімпійскіх гульняў. Мне дакладваюць: захоплены самалёт, які павінен ляцець з Украіны ў Стамбул. Захопнікі самалёта патрабуюць пасадкі ў Сочы», – распавёў Пуцін.

У фільме сцвярджаецца, што гаворка ідзе пра Боінгу 737-800 турэцкай авіякампаніі, самалёт здзяйсняў рэйс Харкаў-Стамбул. Пілот паспеў паведаміць дыспетчару, што ў аднаго з пасажыраў нібыта ёсць бомба і ён патрабуе ляцець у Сочы. Пуцінскія сілавікі былі ўпэўненыя, што такім чынам тэрарысты хочуць сарваць адкрыццё Алімпіяды.

«Я спытаў (сілавікоў): што вы прапануеце? Адказ быў чаканы: у адпаведнасці з планам, прадугледжаным для такіх сітуацыяў. Гэта значыць – збіць. Я ім сказаў: дзейнічайце ў адпаведнасці з планам», – заявіў Пуцін. «Чымсьці ў гэтай сітуацыі даводзіцца ахвяраваць», – дадаў ён.

Потым, па словах Пуціна, высветлілася, што гэта была проста «пʼяная выхадка» і самалёт паспяхова даляцеў да Стамбула.

«Прэзідэнт узяў усю адказнасць на сябе», – падкрэсліў дырэктар ФСБ Аляксандр Бортнікаў.

Адзначым, што раней нічога пра інцыдэнт у дзень адкрыцця Алімпіяды не паведамлялася.

Прэзідэнцкія выбары ў Расеі адбудуцца 18 сакавіка.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў