Пуцін прызначыў Міхаіла Бабіча амбасадарам і спецпрадстаўніком прэзідэнта РФ у Беларусі


Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб прызначэнні былога паўнамочнага прадстаўніка ў Прыволжскай федэральнай акрузе Міхаіла Бабіча надзвычайным і паўнамоцным амбасадарам РФ у Менску і спецыяльным прадстаўніком прэзідэнта па развіцці гандлёва-эканамічнай супрацы з Беларуссю.

Двума іншымі ўказамі Уладзімір Пуцін вызваліў Бабіча ад пасады паўнамоцнага прадстаўніка, а Аляксандра Сурыкава – ад пасады пасла ў Беларусі. Сурыкаў займаў пасаду пасла з 2006 года.

У сярэдзіне ліпеня стала вядома, што Расея запрасіла ў Беларусі згоду на прызначэнне спадара Бабіча паслом, аднак Менск да гэтага часу не даў афіцыйнай згоды на прызначэнне. 21 ліпеня яго кандыдатуру ўхваліў камітэт Думы па справах СНД, 24-га – камітэт па міжнародных справах Савета федэрацыі.

Міхаіл Бабіч паходзіць з Разані, служыў у ВДВ і КДБ, ФСБ. З 1995 да 1998 года кіраваў у Маскве карпарацыяй «Антэй» якая распрацоўвае і выпускае ўзбраенне для войскаў супрацьпаветранай абароны. З лістапада 2002 па люты 2003 года ўзначальваў урад Чачэнскай рэспублікі – то бок у самы разгар супрацьстаяння расейскіх сілавікоў і чачэнскіх сепаратыстаў. Праўда, ён займаў гэтую пасаду толькі некалькі месяцаў і ў лютым 2003-го сышоў у адстаўку з-за канфлікту з Ахмадам Кадыравым.

У час працы ў «Росмясомолторге» і на пасадзе віцэ-губернатара Іванаўскай вобласці апынуўся ў цэнтры скандалу з фінансавымі махінацыямі. Па дадзеных расейскіх СМІ, у 2001 годзе Генпракуратура нават санкцыянавала арышт Бабіча, аднак усё ў выніку абышлося.

Аналітыкі характарызуюць Бабіча як чалавека энергічнага, жорсткага і рашучага, з высокім узроўнем даверу Пуціна і з добрымі адносінамі са спецслужбамі.

Пасля звальнення Міхаіла Зурабава з пасады амбасадара Расеі ў Кіеве ў ліпені 2016 году разглядалася пытанне аб прызначэнні туды Бабіча. Аднак украінскі бок выступіў супраць, у тым ліку праз парушэнне працэдуры прызначэння амбасадара.

Эксперты ў Кіеве тады казалі, што Міхаіл Бабіч, біяграфія якога звязана з савецкім КДБ і расейскім ФСБ, закліканы стаць «паслом вайны», што ён з’яўляецца «прафесійным дыверсантам» і «класічным кандыдатам Крамля для ўзаемадзеяння з сепаратыстамі на Данбасе для арганізацыі сілавых аперацыяў».

ІІ, belsat.eu, паводле Коммерсант

Стужка навінаў