Пуцін просіць Думу зацвердзіць папраўкі ў пагадненне аб расейска-беларускай сістэме СПА. Вайсковы эксперт тлумачыць навошта


9 жніўня прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін унёс на ратыфікацыю ў Дзярждуму пратакол аб зменах і дапаўненнях у Пагадненне паміж Расеяй і Беларуссю аб сумеснай ахове знешняй мяжы Саюзнай дзяржавы ў паветранай прасторы і стварэнні Адзінай рэгіянальнай сістэмы супрацьпаветранай абароны дзвюх краін.

«Ратыфікаваць пратакол аб унясенні зменаў і дапаўненняў у Пагадненне паміж Расейскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь аб сумеснай ахове знешняй мяжы Саюзнай дзяржавы ў паветранай прасторы і стварэнні Адзінай рэгіянальнай сістэмы супрацьпаветранай абароны Расейскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь ад 3 лютага 2009 года, падпісаны ў горадзе Менску 2 лістапада 2016 году», – гаворыцца ў дакуменце, апублікаваным на сайце Дзярждумы.

Паводле дакументу, стварэнне Адзінай рэгіянальнай сістэмы СПА павысіць надзейнасць аховы знешняй мяжы Саюзнай дзяржавы, будзе садзейнічаць умацаванню бяспекі і не запатрабуе дадатковых выдаткаў з расейскага бюджэту.

У тлумачальнай запісцы ўдакладняюцца некаторыя паняцці, а таксама парадак прымянення зброі і баявой тэхнікі дзяжурнымі па супрацьпаветранай абароне пры сумесным выкананні задач баявога дзяжурства.

Варта падкрэсліць, што само пагадненне было падпісана бакамі яшчэ ў 2009 годзе, Беларусь ратыфікавала яго ў 2012. У 2013-м Адзіную рэгіянальную сістэму СПА ўзначаліў тагачасны камандуючы войскамі СПА Беларусі генерал-маёр Алег Дзвігалёў. А Пратакол аб зменах і папраўках у пагадненне падпісалі летась 2 лістапада ў Менску і сёлета ў сакавіку Лукашэнка яго зацвердзіў.

Пасля таго, як 10 жніўня стала вядома, што Пуцін папрасіў Дзярждуму ратыфікаваць гэты пратакол, на вядучым украінскім партале «Украінская праўда» зʼявілася навіна пад наступным загалоўкам: «Пуцін просіць Думу дазволіць выкарыстоўваць СПА на мяжы Расеі і Беларусі».

Сёння ж у Кіеве намеснік начальніка па сувязях з грамадскасцю Узброеных сіл Украіны Юзэф Венсковіч заявіў, што Украіна «адсочвае сітуацыю ў сувязі з ініцыятывай Пуціна адносна выкарыстання сістэм СПА на мяжы Беларусі з Украінай і ЕЗ».

Чаму гэта – не зусім дакладная фармулёўка і ў чым сутнасць зменаў у беларуска-расейскім пагадненні? Адказы на гэтыя пытанні ў інтэрв’ю belsat.eu дае вайсковы эксперт Аляксандр Алесін.

Аляксандр Алесін

«Відавочна, тут мы бачым інфармацыйнае непаразуменне. Казаць пра нейкую пагрозу для Украіны менавіта ад ратыфікацыі пратаколу аб зменах – заўчасна. Насамрэч, з 2012 году Адзіная рэгіянальная сістэма СПА існуе ў латэнтным выглядзе. У Беларусі няма адмысловых штабоў, няма рэальных органаў яе кіравання, акрамя камандуючага», – тлумачыць Алесін.

«Першапачаткова пагадненне прадугледжвала, што сістэма актывізуецца ў выпадку, калі на мяжы Саюзнай дзяржавы пачынаюць канцэнтравацца ўдарныя групоўкі войскаў праціўніка, узнікаюць прыкметы мабілізацыі. Да паправак падобная сітуацыя называлася ў дакуменце «пагражальны перыяд», гэта абʼектыўны навуковы тэрмін. Аднак цяпер яго збіраюцца замяніць на «перыяд непасрэднай пагрозы агрэсіі».

Такая фармулёўка – вельмі спрэчная ў час, калі распаўсюджаныя гібрыдныя войны. Напрыклад, адзін з прэзідэнтаў можа ўбачыць ускосныя прыкметы агрэсіі, як знешняй, так і ўнутранай, ад так званай «пятай калоны», і актывізаваць сістэму. Ён сам вырашае, ці ёсць пагроза. Таму гэта субʼектыўнае паняцце», – кажа Алесін.

Акрамя СПА, ваеннае супрацоўніцтва Беларусі і Расеі ажыццяўляецца па цэламу спектру напрамкаў, уключаючы тэхнічны, навуковы і прававы.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

 

Стужка навінаў