Пуцін падняў сусветны кошт на нафту?


1 снежня кошт нафты маркі «Brent» перакрочыў планку ў $ 54 за барэль.

Кошт нафты пачаў расці пасля таго, як 30 лістапада, гэтак званы нафтавы картэль краінаў OPEC (Organization of the Petroleum Exporting Countries /Арганізацыя краінаў, якія экспартуюць нафту) дамовіўся аб скарачэнні здабычы «чорнага золата».

Падчас сустрэчы картэлю ў Вене было прынятае рашэнне знізіць здабычу нафты на 1,8 млн барэляў у суткі.

Перамовы паміж трыма найбуйнейшымі членамі картэлю: Іракам, Іранам і Саудаўскай Аравіяй доўжыліся больш за два месяцы. Паводле ананімных крыніцаў міжнароднага агенцтва «Reuters», прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін адыграў ключавую ролю ў нафтавым кампрамісе.

Паводле агенцтва, Пуцін працаваў у гэтым кірунку пачынаючы з верасня 2016 года, калі ў кулуарах саміту G20 у кітайскім Ханчжоў ён сустрэўся з саудаўскім прынцам Мухамедам. Агенцтва адзначае, што Пуцін і прынц дамовіліся супрацоўнічаць у пытанні аб скарачэнні нафты на сусветным рынку.

Агенцтва піша, што Пуцін таксама правёў тэлефонныя перамовы з прэзідэнтам Ірану Хасанам Рухані, пасля якіх кіраўнік Ірану ды Міністэрства нафты Ірану Біджан Занганэ абмеркавалі нафтавае пытанне з духоўным лідарам гэтай краіны Алі Хамэнэі, сцвярджае крыніца, блізкая да аяталы.

«Наша пазіцыя была цвёрдая. Тэлефонная размова паміж Рухані і Пуціным адыграла асноўную ролю. Пасля яго Расея пагадзілася ўдзельнічаць у скарачэнні здабычы», – цытуе «Reuters» заяву кіраўніка іранскага Міністэрства нафты для дзяржаўнага тэлебачання.

«Мінэнерга падтрымлівала энергічныя кантакты з усімі бакамі», – пракаментаваў rbc.ru прэс-сакратар прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў інфармацыю аб ролі Пуціна ў пагадненні OPEC.

ЮВ, belsat.eu, паводле reuters.com

Стужка навінаў