Пуцін назваў патрыятызм нацыянальнай ідэяй


Патрыятызм зʼяўляецца адзінай нацыянальнай ідэяй у Расеі, лічыць прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін.

«У нас няма і не можа быць ніякай іншай абʼяднаўчай ідэі, акрамя патрыятызму… Гэта і ёсць нацыянальная ідэя», – сказаў кіраўнік Расеі на сустрэчы з актывам «Клубу лідараў у прасоўванні ініцыятываў бізнесу».

У пачатку студзеня стала вядома, што расейскія ўлады цягам найбліжэйшых пяці гадоў маюць намер выдаткаваць больш за Ru 1,6 млрд на патрыятычнае выхаванне насельніцтва.

Згодна з прынятай урадам праграмай, улады спадзяюцца прышчапіць насельніцтву пачуццё вернасці айчыне і гатоўнасць абараняць інтарэсы краіны.

У 2016 годзе на фінансаванне праграмы будзе выдзелена Ru 290 млн з бюджэту і яшчэ Ru 15,5 млн з пазабюджэтных фондаў.

Падчас выбарчай кампаніі 2004 года Уладзімір Пуцін заявіў, што нацыянальнай ідэяй Расеі мусіць стаць канкурэнтаздольнасць краіны і яе жыхароў. «Розныя краіны, рэгіёны свету вельмі актыўна развіваюцца. Калі мы будзем разумець нашу 1000-гадовую гісторыю, думаць аб назапашаных прыродных багаццях і спачываць на лаўрах, мы зачахнем канчаткова», – казаў Пуцін.

МЯ, паводле bbc.com

Стужка навінаў