Пуцін, ЛГБТ, але ні слова пра Крым! Ці Лукашэнка знойдзе агульную мову з Кадыравым?


Рамзан Кадыраў і Аляксандр Лукашэнка сустракаюцца сёння і заўтра ў Менску. Мы сабралі некалькі цытатаў абодвух кіраўнікоў, каб параўнаць іхныя погляды на вострыя пытанні.

Пра ЗША

Аляксандр Лукашэнка ў красавіку пасля ракетных удараў ЗША па Сірыі пашкадаваў Дональда Трампа. На думку Лукашэнкі, новаабранаму амерыканскаму прэзідэнту прыйшлося «націснуць кнопку», каб даказаць, што ён здольны кіраваць краінай. У той жа час Лукашэнка асудзіў актыўнасць ЗША за мяжой і параіў «абмежаваць апетыт»:

«Сёння нават Амерыка самастойна і нават са сваймі бліжэйшымі натаўскімі саюзнікамі не зможа перавярнуць ці ўпраўляць усім светам. Трэба абмежаваць апетыты і займацца апроч усяго тым, дзе найбольшыя твае інтарэсы».

Рамзан Кадыраў у інтэрвʼю амерыканскаму тэлеканалу заявіў, што ЗША не могуць лічыцца ворагамі Расеі, і прыгразіў асабіста, што ў выпадку вайны, ад ЗША нічога не застанецца.

«Амерыка вядзе палітыку супраць Расеі, супраць кіраўніцтва дзяржавы. Яны ведаюць, што я адзін з тых, хто жыццё аддасць за Расею, і што ў мяне добрае войска, якое можа нападаць і абараняць. Паглядзім, што ў каго атрымаецца. Амерыка – не такая моцная дзяржава, каб мы разглядалі яе, як ворага Расеі. Калі нават нашу дзяржаву цалкам разбураць, аўтаматычна нашыя ядравыя ракеты паляцяць і ўвесь мір мы перавернем і паставім ракам».

Пра Крым і Украіну

Аляксандр Лукашэнка і Пятро Парашэнка. Архіўнае фота president.gov.ua

«Тут многія кажуць, вось Крым калісьці няправільна адышоў да Украіны, што гэта спрадвечна расейская тэрыторыя і гэтак далей. Гэта няправільны падыход. Тады давайце вернемся ў часы хана Батыя, мангола-татарскага іга, тады патрэбна будзе аддаць Казахстану, Манголіі і яшчэ камусьці ледзь не ўсю тэрыторыю Расеі, Заходняй Еўропы, Усходняй Еўропы, акрамя Беларусі, яны да нас дайшлі, але нас не зачапілі. Нашто вяртацца да таго, што было? Перакройваць межы нельга», – распавядаў Аляксандр Лукашэнка.

Рамзан Кадыраў у 2014 годзе наведаў Крым.

«Калі патрэбна, мы прыйдзем на дапамогу і дапаможам падняцца з кален тым, хто прыніжаны і пакрыўджаны тэрарыстамі (…) Мы можам даляцець, даехаць, мы нават туды можам пешшу дайсці. На сённяшні дзень трэба падтрымаць тую палітыку, якую праводзіць Расейская Федэрацыя. Таму што ў Крыму пралітая кроў і нашых продкаў таксама», – заявіў Рамзан Кадыраў тэлеканалу НТВ.

Пра дачыненні з Пуціным

Уладзімір Пуцін, фота – ТАСС

«Супакойцеся, у нас з Уладзімірам Уладзіміравічам Пуціным бліскучыя адносіны. Бліскучыя! І знойдзем час, сустрэнемся. Калі ёсць нейкія праблемы, то вырашым іх. Без пасярэднікаў, вырашым удвох, нам не патрэбна ніякая дапамога. Мы родныя браты, нам дзяліць няма чаго», – кажа Лукашэнка пра Уладзіміра Пуціна ўвесну 2017-га году.

«Я не аднойчы заяўляў, што з’яўляюся адданым пехацінцам нашага прэзідэнта, гатовы выканаць загад любой складанасці вярхоўнага галоўнакамандуючага і аддаць сваё жыццё», – заявіў сёлета Рамзан Кадыраў.

Пра ЛГБТ – супольнасць

Кіраўнік Беларусі вядомы сваймі абуральнымі выказваннямі наконт прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці. Ён казаў, што «лепш быць дыктатарам, чым геем», што не дапусціць аднаполых шлюбаў і «галубізны» у Беларусі, пакуль ён прэзідэнт. У інтэрвʼю ангельскаму выданню Independent Лукашэнка выказаў наступнае меркаванне:

«Што датычыцца адносінаў жанчына-жанчына, я ўжо казаў пра гэта: гэта наша мужыкоў віна, што жанчына сёння ў жанчыне бачыць мужчыну. Таму я шкадую. Мы не здольнымі апынуліся мужыкамі для некаторых жанчын. То, што яны ў нас павінны былі знайсці, яны пачалі шукаць у жанчыне. Таму я з жалем успрымаю лесбіянства. Гэта дрэнна, але я не асуджаю. А вось што датычыцца мужыкоў я кажу: свят-свят! Гасподзь з імі! Я нідзе ініцыятыўна не абмяркоўваю гэта і больш за тое, не асуджаю іх. Бо гэта пакуль што па-за мяжой майго разумення».

Калі кіраўнік Беларусі не разумее тэму, то Рамзан Кадыраў жа наагул, адмаўляе яе існаванне. Сёлета ў ліпені гучнае журналісцкае расследаванне паказала, якім чынам у Чачэніі геяў катуюць і нават забіваюць.

«Няма ў нас геяў. Калі ёсць, забярыце іх у Канаду, хвала Аллаху, падалей ад нас, каб ачысціць нашу кроў. Калі ёсць такія, няхай забіраюць», – сказаў Кадыраў у інтэрвʼю амерыканскаму журналісту. На пытанне, ці не непакояць яго катаванні і сведчанні людзей, якія прынялі ўдзел у журналісцкім расследаванні, адказаў: «Яны шайтаны, яны прадажныя. Гэта нелюдзі, і няхай яны будуць праклятыя за свой паклёп на нас».

Пра эканоміку

У 2012 годзе Рамзан Кадыраў назваў эканоміку Чачэніі самай эфектыўнай, а таксама празрыстай сярод рэгіёнаў Расеі. Пры гэтым, Чачэнія застаецца самым датацыйным з рэгіёнаў. У 2017 годзе іх бюджэт быў вельмі скарочаны, а Кадыраў звярнуўся да чальцоў свайго кіраўніцтва з заклікам стымуляваць інвестыцыйныя магчымасці:

«Рэспубліка выклікае павышаны інтарэс інвестараў і банкаў. Яны ўсведамляюць, што ўкладаць сродкі ў эканоміку рэгіёну бяспечна і рэнтабельна. У Чачэніі рэалізуюцца мноства праектаў з удзелам банкаў краіны і замежных фондаў. Мы бярэм крэдыты і будуем неабходныя рэспубліцы аб’екты, у тым ліку шпіталі, дзіцячыя садкі, школы і гэтак далей».

Аляксандр Лукашэнка сёлета таксама прасіў інвестыцыйнай дапамогі, у тым ліку ў Еўрапейскага Банку Рэканструкцыі і Развіцця.

«Адна з просьбаў, якую я хачу накіраваць да вас, як раз у трэндзе ЕБРР – гэта падтрымка малога і сярэдняга бізнесу. Зараз мы вырашылі надаць выключнай увагі гэтаму напрамку развіцця эканомікі нашай краіны. Наступная пяцілетка будзе накіравана менавіта на тое, каб разняволіць ініцыятыву канкрэтных людзей, невялікіх калектываў, надаць большай дынамікі здольнасцям чалавека», – казаў ён 14 верасня на сустрэчы з прэзідэнтам ЕБРР.

Менавіта развіццё эканамічных зносінаў паміж Беларуссю і Чачэніяй зʼяўляецца галоўнай афіцыйнай мэтай візіту Рамзана Кадырава ў Менск.

«Для нас Чачэнская Рэспубліка – гэта вельмі перспектыўны, аўтарытэтны рэгіён. Мы хацелі б не толькі супрацоўнічаць з Грозным, але і з вамі працаваць на Каўказе, што датычыцца эканамічных зносінаў. Мы спакойна можам будаваць там сумесныя прадпрыемствы, ствараць разам высокатэхналагічныя прадукты, гандляваць у вашым рэгіёне не толькі на поўдні, але і на поўначы», – сказаў сёння падчас сустрэчы з Рамзанам Кадыравым Аляксандр Лукашэнка.

Па тэме: 

ВЧ, belsat.eu

Стужка навінаў