Пуцін абвінаваціў ЗША ў падтрыманні чачэнскіх тэрарыстаў і «Аль-Каіды»


Кіраўніцтва Расеі, у адрозненне ад некаторых замежных партнёраў, ніколі не ўмешваецца ва ўнутрыпалітычныя працэсы іншых краінаў. Пра гэта прэзідэнт Расеі заявіў у размове з амерыканскім рэжысёрам Оліверам Стоўнам, які зняў чатырохсерыйны дакументальны фільм «Інтэрвʼю з Пуціным».

Прэмʼера першай часткі стужкі адбылася 12 чэрвеня на тэлеканале «Showtime».

Паводле расейскіх інфармагенцтваў, у гэтым фільме Уладзімір Пуцін заявіў, што ЗША падтрымлівалі чачэнскіх тэрарыстаў, каб дэстабілізаваць сітуацыю ў Расеі.

Вонкавая палітыка ЗША, на думку Пуціна, прадыктаваная ідэяй уласнай выключнасці і імперскім мысленнем.

«Калі ў нас пачаліся праблемы ў Чачэніі, на Паўночным Каўказе, на жаль, амерыканцы падтрымалі гэтыя працэсы», – пераклаў цытату Пуціна interfax.ru.

Таксама Пуцін усклаў на ЗША адказнасць за стварэнне «Аль-Каіды». «Гэта пачалося яшчэ з савецкай вайны ў Афганістане, калі амерыканскія спецслужбы падтрымлівалі розныя напрамкі ісламскага фундаменталізму ў барацьбе з савецкімі войскамі ў Афганістане», – патлумачыў кіраўнік Расеі. У выніку ЗША выгадавалі і «Аль-Каіду» і яе лідара Усаму бін Ладэна, і гэта ўсё «выйшла з-пад кантролю», дадаў Пуцін.

Пуцін нагадаў, што Расея прадэманстравала падтрымку ЗША пасля тэрактаў 11 верасня, а пазней падтрымала амерыканскую аперацыю ў Афганістане.

Паводле кіраўніка РФ, ЗША ўспрымаюць Расею як канкурэнта і гэта зʼяўляецца вынікам палітыкі, якая праводзіцца Вашынгтонам цягам апошніх дзесяцігоддзяў. Падрабязна распавесці пра сваё бачанне глабальнай стратэгіі ЗША Пуцін паабяцаў амерыканскаму рэжысёру пасля выхаду на пенсію.

ЮВ, belsat.eu, паводле interfax.ru, tass.ru

Глядзі таксама
Каментары