Пуцін абвінаваціў Украіну ў пераходзе да «практыкі тэрору»


Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін назваў бессэнсоўнай запланаваную сустрэчу «нармандскай чацвёркі» ў Кітаі пасля перадухілення ў Крыме тэрактаў, нібыта падрыхтаваных Украінай.

Пуцін назваў інфармацыю пра тэракты вельмі трывожнай. «Мяркуючы па ўсім, тыя людзі, якія захапілі (уладу) у Кіеве і працягваюць яе ўтрымліваць, замест пошуку кампрамісаў (…), замест таго, каб шукаць спосаб мірнага ўрэгулявання, перайшлі да практыкі тэрору», – адзначыў кіраўнік Расеі.

У сераду 10 жніўня ФСБ Расеі абвясціла аб перадухiленнi у Крыме тэрактаў, падрыхтаваных выведкай Украіны. Паведамлялася, што расейскія спецслужбы пры падтрымцы іншых сілавых падраздзяленняў перадухілілі прарыў у Крым дыверсійна-тэрарыстычных груп з украінскай тэрыторыі.

Паводле ФСБ, у ноч на 7 жніўня ў раёне гораду Армянску была выяўленая група дыверсантаў. Падчас затрымання яны адкрылі агонь – у выніку загінуў прадстаўнік ФСБ.

ФСБ паведамляе, што ў ноч на 8 жніўня 2016 года спецпадраздзяленні Міністэрства абароны Украіны здзейснілі яшчэ дзве спробы прарыву дыверсійна-тэрарыстычных груп, якія былі перадухіленыя. Падчас перастрэлкі загінуў яшчэ адзін расейскі сілавік – вайсковец Міністэрства абароны Расеі.

Паводле звестак ФСБ, «спробы прарыву прыкрываліся масіраваным абстрэлам з боку сумежнай дзяржавы і бронетэхнікай узброеных сіл Украіны».

ФСБ падае, што на тэрыторыі паўвыспы ліквідаваная агентурная сетка выведкі Украіны. Акрамя таго, затрыманыя грамадзяне Украіны і Расеі, якія аказвалі садзейнічанне ў падрыхтоўцы тэрактаў і якія цяпер даюць прызнальныя паказанні.

Сустрэча лідараў «нармандскай чацвёркі» (Расея, Украіна, Нямеччына, Францыя) дзеля перадухілення вайны на Данбасе запланаваная на пачатак верасня ў межах форуму краінаў «Вялікай дваццаткі», што мае прайсці ў Кітаі.

МЯ, паводле interfax.ru

Стужка навінаў