Пуцін заявіў пра стварэнне адзінай візавай прасторы Расеі і Беларусі


Кіраўнікі Расеі і Беларусі дамовіліся аб узаемным прызнанні выдадзеных замежнікам візаў.

Улады Расеі і Беларусі намерваюцца стварыць адзіную візавую прастору, паведамляе афіцыйнае агенцтва БелТА. Пра гэта паведаміў прэзідэнт Расейскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін пасля пасяджэння вышэйшага дзяржаўнага савету Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі ў Маскве.

«Мы дамовіліся працягнуць працу па стварэнні адзінай візавай прасторы, – сказаў Уладзімір Пуцін. – У гэтых мэтах плануецца падрыхтаваць пагадненне аб узаемным прызнанні візаў, выдадзеных грамадзянам замежных дзяржаў».

Сёння ў Крамлі на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савету Саюзнай дзяржавы прэзідэнт Расеі ўручыў кіраўніку Беларусі ордэн Аляксандра Неўскага. Указ аб узнагароджанні Пуцін падпісаў яшчэ ў жніўні мінулага года – у дзень 60-годдзя лідара Беларусі, падае korrespondent.net.

«За вялікі асабісты ўклад у развіццё традыцыйных дружалюбных сувязяў паміж Расеяй і Беларуссю, паглыбленне двухбаковага ўзаемадзеяння ў палітычнай, абароннай, эканамічнай і сацыяльнай сферах», – адзначаецца ў афіцыйным дакуменце.

У сваю чаргу Лукашэнка сказаў: «Дзякуй вам, Уладзімір Уладзіміравіч. Цяпер мой нябесны заступнік будзе, спадзяюся, мяне абараняць яшчэ больш. Дзякуй».

Ордэн Аляксандра Неўскага існаваў у царскай Расеі (з 1725 па 1917 гады) і ў СССР (з 1942 года). Зноўку статут і апісанне ордэна былі зацверджаны ў 2010 годзе. Ім могуць узнагароджвацца як расейскія, так і замежныя дзяржаўныя дзеячы.

МЯ, паводле belta.by, korrespondent.net.

Стужка навінаў