Пуцін распавёў пра сваё бачанне сэнсу быцця


Прэзідэнт Расеі, якога часопіс «Forbes» назваў сёлета самым уплывовым чалавекам свету, распавёў пра сваё бачанне сэнсу жыцця.

Кіраўнік Расеі Уладзімір Пуцін лічыць, што ўвесь сэнс жыцця заключаецца ў любові. Пра гэта Пуцін заявіў на з’ездзе Расейскага геаграфічнага таварыства (РГТ), паведамляюць РИА Новости.

«У любові наагул заключаецца ўвесь сэнс жыцця, быцця. Гэта і любоў да сям’і, да дзяцей, да Радзімы. Гэта такая разнастайная з’ява, якая ў аснове ўсякай нашай дзейнасці знаходзіцца», – сказаў Пуцін.

Гаворачы аб дзейнасці Расейскага геаграфічнага таварыства, кіраўніком апякунскага савету якога ён з’яўляецца, Пуцін выказаў надзею, што грамадства зможа ўмацаваць любоў да айчыны. «Гэта акурат тая звышзадача, да якой мы мусім усе імкнуцца, і я проста абсалютна перакананы ў тым, што нас чакае поспех», – дадаў прэзідэнт РФ.

Пуціна параўноўваюць з Гітлерам

Падчас крымскага крызісу кіраўнік Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату Філарэт (Дзенісенка) назваў Пуціна агрэсарам, параўнаўшы яго дзеянні з дзеяннямі Гітлера, які «таксама абараняў немцаў у Судэтах, далучыўшы Аўстрыю». З Гітлерам Уладзіміра Пуціна параўнаў таксама наступнік брытанскага трону прынц Чарльз.

У ходзе ўкраінскага канфлікту 2014 Пуцін шматкроць абвінавачваўся заходнімі, украінскімі і расейскімі апазіцыйнымі палітыкамі і медыямі ў распальванні канфлікту і сакрэтным падтрыманні сепаратыстаў на ўсходзе Украіны: «Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін зарэкамендаваў сябе як безразважны і непрадказальны правакатар, які зладзіў найгоршы канфлікт з Захадам з часоў халоднай вайны», – пісала «The New York Times».

У гады прэзідэнцтва Пуціна ў Расеі ўзмацніўся расізм

На думку, выказанай у 2004 годзе ўпаўнаважаным па правах чалавека ў РФ Уладзімірам Лукіным, у прэзідэнцтва Пуціна адзначаецца рост шавінізму і расізму, што крытыкі, уключаючы грамадскі Камітэт абароны свабоды сумлення, ставяць у віну ўладам, абвінавачваючы яе ў папушчальніцтве прапагандзе гвалту і нянавісці да нацыянальных меншасцяў і асобных групаў людзей.

Пуцін – вызваліцель, які прыносіў смерць

У 2004 годзе, калі правіў Пуцін, чачэнскія тэрарысты захапілі школу ў Беслане. У выніку вызвалення загінуў 331 чалавек, у тым ліку 318 закладнікаў, з якіх 186 – дзеці.

У 2002 годзе падчас вызвалення закладнікаў на Дуброўцы, захопленых чачэнскімі баевікамі ў часе паказу мюзікла «Норд-Ост», ад газу, распыленага сілавікамі, загінула 130 чалавек.Пуцін заявіў на сустрэчы з журналістамі, што людзі загінулі «не ў выніку дзеянні газу», які, па яго словах, быў бясшкодным, а сталі ахвярамі «шэрагу абставінаў: абязводжвання, хранічных захворванняў, самога факта, што ім давялося застацца ў тым будынку». Улады адмовіліся раскрываць склад газу, заявіўшы, што «гэтыя звесткі – дзяржаўная таямніца».

У 2000 годзе на борце затанулай падлодкі «Курск» загінула 118 чалавек. Ёсць здагадкі, што некалькі чалавек з падлодкі спрабавалі паклікаць на дапамогу, але Уладзімір Пуцін даў загад камандаванню ВМФ на прыцягненне замежнай дапамогі толькі праз 4 дні пасля катастрофы.

У верасні 1999 года ў Расеі адбылася серыя тэрарыстычных актаў – выбухі жылых дамоў у Буйнакску, Маскве і Валгадонску, ахвярамі якіх сталі больш за 300 чалавек. Вылучаліся версіі, паводле якіх Пуціну былі выгадныя гэтыя выбухі: для ўзняцця перадвыбарчага рэйтынгу і забеспячэння перамогі на прэзідэнцкіх выбарах, стварэння спрыяльнай грамадскай думкі перад уводам войскаў у Чачэнію.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў