Пуцін: Расейскім войскам трэба 2 дні, каб быць у Варшаве, Рызе і Бухарэсце


Уладзімір Пуцін заявіў Парашэнку, што расейскія войскі патрабуюць некалькі дзён, каб здабыць сталіцы ўсходнееўрапейскіх дзяржаваў, – вынікае з дакументу дыпламатычнай службы Еўразвязу.

Уладзімір Пуцін выказаў пагрозы, скіраваныя супраць краінаў-чальцоў НАТО і Еўрапейскага Звязу, вынікае з пратаколу размовы старшыні Еўракамісіі Жузэ Мануэла Барозу з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам. Тэкст пратаколу прааналізавала нямецкае выданне «Süddeutsche Zeitung».

Парашэнка распавёў старшыні Еўракамісіі падчас спаткання ў Кіеве 12 верасня, што чуў ад Пуціна літаральна наступнае:

«Калі б я хацеў, расейскія войскі маглі б цягам двух дзён быць не толькі ў Кіеве, але і ў Рызе, Вільні, Таліне, Варшаве і Бухарэсце».

Згодна з пратаколам, Парашэнка прыгадаў выказванне Пуціна, каб даць зразумець Барозу, наколькі лідар РФ рэагуе на ўплыў Еўразвязу ў краінах-суседках Расеі.

Парашэнка апошнім часам меў некалькі тэлефонных размоваў з Пуціным, у якіх абмяркоўваў спыненне агню на Данбасе. Пуцін нібыта папярэдзіў украінскага прэзідэнта, каб той не спадзяваўся неабгрунтавана на дапамогу ЕЗ.

Прэзідэнт Расеі сказаў Парашэнку, што мае ўплыў у Радзе Еўропу і можа перадухіліць негатыўныя рашэнні Еўразвязу для Расеі. І сапраўды, такія краіны як Славакія, Балгарыя, Венгрыя і Кіпр, выразілі сваё нежаданне, каб санкцыі супраць Расеі узмацніліся, адзначае «Süddeutsche Zeitung».

Паводле пратаколу, Пуцін падкрэсліў таксама, што перадухіліць інтэграцыю Украіны ў Еўразвяз для яго больш важна, чым займацца лёсам Луганску і Данецку.

Да гэтага часу Пуцін не пагражаў чальцам НАТО і ЕЗ публічна. Аднак вядома, што напрыканцы жніўня Пуцін у размове з Барозу нібыта сказаў: «Калі б я хацеў, я мог бы ўзяць Кіеў цягам двух тыдняў». Крэмль востра раскрытыкаваў Барозу за тое, што той падаў грамадскасці змест прыватнай гутаркі.

 МЯ, belsat.eu, паводле sueddeutsche.de

Стужка навінаў