Пуцін прыдумаў сем пунктаў мірнага плану для Данбасу


Кіраўнік Расеі Уладзімір Пуцін распавёў, пра што ён гаварыў з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам падчас тэлефоннай размовы.

Са словаў Пуціна, ён абмеркаваў з Парашэнкам план урэгулявання сітуацыі ва Украіне. Ён адзначыў, што на шляху з Благавешчанску ва Улан-Батар у самалёце ён «накідаў ад рукі некаторыя меркаванні, план дзеянняў», які складаецца з сямі пунктаў, паведамляе «ИТАР-ТАСС».

У якасці першага пункту Пуцін назваў «спыненне актыўных наступальных аперацыяў узброеных сілаў, груповак рушэнцаў паўднёвага ўсходу Украіны на данецкім і луганскім кірунках».

Другім пунктам прэзідэнт РФ прапанаваў «адвесці ўзброеныя аддзелы сілавых структураў Украіны на адлегласць, якая выключае магчымасць абстрэлу населеных пунктаў артылерыяй і ўсімі відамі сістэмаў залпавага агню».

У якасці трэцяга пункту Пуцін прапануе «ажыццяўленне паўнавартаснага і аб’ектыўнага міжнароднага кантролю за выкананнем умоваў спынення агню і маніторынг абстаноўкі, якая будзе ў зоне бяспекі».

Расейскі прэзідэнт лічыць, што для ўрэгулявання сітуацыі ва Украіне (чацвёрты пункт) неабходна «выключыць ужыванне баявой авіяцыі супраць мірных грамадзянаў і населеных пунктаў у зоне канфлікту».

Акрамя таго, на думку Пуціна (пяты пункт), варта «арганізаваць абмен палонных асобаў па формуле «ўсіх на ўсіх» без якіх-небудзь папярэдніх умоваў».

«Адкрыць гуманітарныя калідоры для перамяшчэння ўцекачоў і дастаўкі гуманітарных грузаў на ўсход Украіны», – працягнуў ён, назваўшы шосты пункт прапанаванага ім плану ўрэгулявання.

Сёмым пунктам Пуцін назваў магчымасць накіравання ў пацярпелыя рэгіёны рамонтных брыгадаў дзеля аднаўлення разбураных аб’ектаў інфраструктуры.

Прэзідэнт Расеі разлічвае, што канчатковыя дамоўленасці аб плане ўрэгулявання ва Украіне будуць дасягнуты 5 верасня на сустрэчы кантактнай групы. Сёння прэс-служба Пятра Парашэнкі апублікавала паведамленне пра тое, што ўкраінскі прэзідэнт правёў тэлефонную размову з лідарам РФ, падчас якой яны дамовіліся аб рэжыме спынення агню на Данбасе.

Праз некаторы час прэс-сакратар расейскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў заявіў, што кіраўнікі РФ і Украіны не дамаўляліся аб спыненні агню ва Украіне, паколькі, на думку ўладаў РФ, «Расея не бок канфлікту».

МЯ, belsat.eu, паводле unian.net, itar-tass.com

Стужка навінаў