Пуцін напісаў у «Русский пионер», як ягоны бацька быў у атрадзе НКВД і хаваўся ад немцаў


Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін напісаў калонку ў часопіс «Русский пионер». Матэрыял пад загалоўкам «Жыццё такая простая штука і жорсткая» размешчаны на сайце выдання.

У калонцы расейскі прэзідэнт успамінае аповеды бацькі пра Вялікую Айчынную вайну, пра ягоную службу ў дыверсійным атрадзе НКВД ды раненні, якія той атрымаў пад Ленінградам.

«Вайна пачалася, а ён працуе на вайсковым прадпрыемстве, дзе так званая «бронь», якая вызваляе ад прызыву. Але ён напісаў заяву аб уступленні ў партыю, а потым яшчэ адну заяву – што хоча на фронт. Накіравалі яго ў дыверсійны атрад НКВД. Гэта быў невялікі атрад. Ён казаў, што там было 28 чалавек, іх закідвалі ў блізкі тыл для правядзення дыверсійных актаў. Падрыў мастоў, чыгуначных шляхоў… Але яны амаль адразу патрапілі ў засаду», – напісаў Уладзімір Пуцін.

Паводле яго, атрад бацькі нехта выдаў. «Яны прыйшлі ў адну вёску, потым сышлі адтуль, а калі праз нейкі час вярнуліся, там іх ужо фашысты чакалі. Пераследавалі па лесе, і ён застаўся жывы, таму што залез у балота і некалькі гадзін прасядзеў у балоце і дыхаў праз чарацінку. Гэта я памятаю ўжо з яго расказу. Прычым ён казаў, што, калі сядзеў у балоце і дыхаў праз гэтую чарацінку, ён чуў, як нямецкія салдаты праходзілі побач, літаральна за некалькі крокаў ад яго, як брахалі сабакі…»

Пуцін таксама паведаміў, што пазней змог праверыць апавяданні бацькі па архівах.

«І што цікава, пару гадоў таму мне з архіву міністэрства абароны прынеслі справу на гэтую групу. У мяне ўдома, у Нова-Агарове, ляжыць копія гэтай справы. Спіс групы, прозвішчы, імёны, імёны па бацьку і кароткія характарыстыкі. Так, 28 чалавек. І на чале – немец. Усё як распавядаў бацька», – піша ў калонцы Пуцін.

Гэта ўжо не першы публіцыстычны вопыт Уладзіміра Пуціна, адзначае interfax.by. У 2011 годзе ён напісаў у «Русский пионер» калонку «Чаму цяжка звольніць чалавека». У 2013 годзе амерыканская газета «The New York Times» апублікавала артыкул, у якой Пуцін наўпрост звярнуўся да грамадзянаў ЗША і растлумачыў пазіцыю Расеі па Сірыі.

МЯ, belsat.eu, паводле interfax.by

Глядзі таксама
Каментары