«Пуцін – масавы забойца аўстралійцаў» (Фотафакт)


Як прэзідэнта Расеі ў Аўстраліі віталі.

У аўстралійскім Брысбэне распачаўся саміт «Вялікай дваццаткі» (G20). У якасці галоўных тэмаў для абмеркавання сусветнымі лідарамі заяўленыя эканамічныя рэформы і стварэнне новых працоўных месцаў.

З нагоды такіх падзеяў адбываюцца вулічныя пратэсты, грамадскія актывісты спрабуюць прыцягнуць увагу галоўных палітыкаў свету да праблемаў, якія лічаць значнымі. Уладзіміра Пуціна ў Аўстраліі віталі сотні чалавек, абураных ягонаю палітыкай. У прыватнасці, у руках пратэстоўцаў можна было пабачыць плакат са словамі «Пуцін – масавы забойца аўстралійцаў». У катастрофе малайзійскага «Боінга» ва Украіне, збітага, хутчэй за ўсё, ракетаю «зямля-паветра» з тэрыторыі, кантраляванай прарасейскімі сепаратыстамі, загінулі 38 грамадзянаў Аўстраліі.

Аднак удзельнікі саміту, як і чакалася, не абмінулі сваёй увагаю падзеяў ва Украіне. Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель паведаміла, што Еўразвяз разглядае магчымасць увядзення новых санкцыяў супраць Расеі: «Сітуацыя ва Украіне на гэты момант нездавальняльная, на парадку дня – пашырэнне санкцыйнага спісу». Уладзімір Пуцін, у сваю чаргу, заявіў, што санкцыі супярэчаць прынцыпам «Вялікай дваццаткі» і міжнароднаму праву ў прынцыпе, бо іх можна ўвесці толькі пад эгідаю ААН і Рады бяспекі.

АК, belsat.eu, паводле bbc.com, reuters.com, Tvn24.pl

Глядзі таксама
Каментары