Пуцін дапусціў магчымасць прызнання Расеяй ДНР і ЛНР


Расейскі прэзідэнт не выключыў магчымасці прызнання самаабвешчаных рэспублік, аднак размову пра гэта ён палічыў нясвоечасовай.

«Я зараз не хацеў бы на гэты конт гаварыць. Што б я ні сказаў, усё можа быць контрпрадуктыўна. Мы будзем глядзець па рэаліях, якія ўзнікаюць у жыцці», – сказаў Пуцін у інтэрвю падчас праграмы «Вести в субботу».

Гэтак кіраўнік Расеі адказаў на пытанне пра тое, ці можа ён сабе ўявіць варыянт, пры якім будзе разглядаць магчымасць прызнання ДНР і ЛНР, падае interfax.ru.

У працяг украінскай тэмы Уладзімір Пуцін пракаментаваў свае адносіны з Пятром Парашэнкам. Ён прызнаўся, што часам у ходзе размовы яны пераходзяць на «ты». «Гэта такі натуральны працэс сумеснай працы», – адзначыў расейскі прэзідэнт. Аднак у афіцыйна абстаноўцы абодва лідара ўсё ж звяртаюцца адзін да аднаго на «вы».

Данецкая Народная Рэспубліка і Луганская Народная Рэспубліка былі абвешчаныя 7 і 28 красавіка 2014 года адпаведна ў Данецку і ​​Луганску на ўсходзе Украіны. На наступны дзень пасля рэферэндуму пра самавызначэнне 11 траўня «народныя рэспублікі» заявілі аб незалежнасці ад Украіны. У канцы траўня ДНР і ЛНР падпісалі дакумент аб аб’яднанні ў дзяржаву «Наваросіі», падае tvrain.ru.

Згодна з Канстытуцыяй Украіны, тэрыторыі, на якія прэтэндуюць ДНР і ЛНР, уваходзяць у склад Данецкай і Луганскай вобласцяў Украіны. Тыя раёны, якія на сённяшні дзень кантралююць сепаратысты, Вярхоўная Рада Украіны прызнала «часова акупаванай тэрыторыяй».

Данецкая і Луганская «народныя рэспублікі» з’яўляюцца непрызнанымі дзяржавамі. Незалежнасць ДНР і ЛНР прызнала толькі часткова прызнаная рэспубліка Паўднёвая Асеція.

МЯ, паводле interfax.ru, tvrain.ru

Стужка навінаў