Птушка 2016 года ў Беларусі – гогаль звычайны


Цягам года беларускія арнітолагі будуць ладзіць лекцыі і конкурсы, прысвечаныя нырковай качцы, якую беларусы называюць гагаліцай.

Старшыня берасцейскай абласной арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Андрэй Абрамчук у размове з радыё «Рацыя» распавёў пра асаблівасці гэтай птушкі на тэрыторыі Беларусі:

«Гэта незвычайная качка, бо яна гняздзіцца ў дуплах дрэваў. У свой час гогаль быў занесены ў «Чырвоную кнігу». Зараз яго адтуль скрэслілі, але ўсё адно птушка – досыць рэдкая. Адна з прычынаў звязаная з гадаваннем птушанятаў: гогалю патрэбныя дуплістыя дрэвы каля вадаёмаў, а іх не так шмат».

Асноўныя месцы гнездавання гэтага віду – на поўначы Беларусі.

Для папулярызацыі ведаў пра гогаля АПБ зладзіць сёлета шэраг сустрэчаў і конкурсаў. Гогалю будзе прысвечаны першы сёлетні Заачацьвер, які арнітолагі ладзяць супольна з Навукова-практычным цэнтрам па біярэсурсам Акадэміі навук. Сустрэча адбудзецца 14 студзеня а 18:30 у актавай зале НПЦ на вул. Акадэмічнай, 27. Уваход вольны.

Падчас лекцыі арнітолаг Сямён Левы распавядзе, колькі сваякоў у гогаля, што яго яднае з дзятлам, як паводзіць сябе закаханы гогаль і што азначае «хадзіць гогалем».

Нагадаем, што птушкай 2015 года была вушатая сава.

ДД, belsat.eu; фота: ptushki.org

Глядзі таксама
Каментары