«Прызнаўшы маці 7 дзяцей абвінавачанай, ФСБ пацвердзіла, што войска РФ ваюе з Украінай»


«Гісторыя шматдзетнай маці, хатняй гаспадыні Святланы Давыдавай, у якой 7 дзяцей (малодшая дачка – грудное двухмесячнае дзіця) страшнейшая за «Левіяфана», – выказаўся расейскі апазіцыйны палітык Барыс Нямцоў.

«Святлану кінулі ў турму Федэральнай службы бяспекі «Лефортава» і абвінавачваюць у дзяржаўнай здрадзе паводле артыкулу 275 Крымінальнага кодэксу РФ. Ёй пагражае тэрмін ад 12 да 20 гадоў пазбаўлення волі. »Злачынства« Святланы ў тым, што яна патэлефанавала ва ўкраінскае пасольства ў Маскве і паведаміла, што вайсковая частка ў Вязьме адправілася ваяваць на Данбас», – напісаў Нямцоў у «Фэйсбуку».

Паводле яго, калі ўважліва прачытаць 275 артыкул, то дзяржаўная здрада – гэта перадача сакрэтных дадзеных замежнай дзяржаве, падае censor.net.ua.

«Прызнаўшы Давыдаву абвінавачванай, ФСБ пацвердзіла тым самым факт, што расейская армія ваюе з Украінай. Гэта лішні доказ і без таго ўсім вядомага», – адзначыў Нямцоў.

Акрамя таго, ён паведаміў, што абаронцы рэжыму Пуціна задаюцца пытаннем, а што зрабілі б украінскія ўлады, калі б, напрыклад, жыхар Львова патэлефанаваў у расейскую амбасаду ў Кіеве і распавёў аб адпраўцы ўкраінскіх салдат на вайну?

«Думаю, што ў дзяржаўнай здрадзе гэтага чалавека б не абвінавачвалі. Паколькі ўсе ведаюць, што Вайсковыя сілы Украіны ваююць з сепаратыстамі і расейскай арміяй, і таямніцы тут няма. Дзікунства і жорсткасць таго, што адбываецца, не ўкладаецца ў галаве. Святлана Давыдава яшчэ адзін палітвязень, якога пераследуюць за антываенную пазіцыю. Будзем дапамагаць Святлане і ейнай сям’і змагацца за вызваленне…», – рэзюмаваў Нямцоў.

Паводле афіцыйнай версіі следства, у красавіку мінулага года жыхарка Вязьмы ў Смаленскай вобласці патэлефанавала ў амбасаду Украіны. Яна распавяла, што ваенная частка, якая знаходзіцца побач з яе домам, апусцела, салдат маглі накіраваць у Данецк. Давыдаву затрымалі 21 студзеня.

Муж Давыдавай распавёў выданню kommersant.ru, што ў той самы час, калі вайсковая частка апусцела, жанчына спаткала ў маршрутцы служачага вайсковай частцы, якога ведала ў твар. Ён быў у цывільным і гучна абмяркоўваў па тэлефоне «перакідку невялікімі групамі ў Маскву, а адтуль далей». «Яна падумала, што гаворка можа ісці аб адпраўцы ў Данецк», – распавёў муж арыштаванай. У красавіку 2014 галоўнакамандуючы НАТО ў Еўропе Філіп Брыдлаў заявіў, што на мяжы з Украінай у Растоўскай вобласці канцэнтруюцца «гатовыя да ўварвання» расейскія войскі. У якасці доказаў ён прывёў спадарожнікавыя здымкі, але ў расейскім МЗС назвалі гэтую інфармацыю недакладнай. «Света вельмі востра рэагавала на ўсе гэтыя падзеі і таму вырашыла звярнуцца ў амбасаду», – распавёў муж абвінавачванай.

МЯ, паводле censor.net.ua, kommersant.ru

Стужка навінаў