«Прывязем з Украіны боепрыпасаў, колькі захочаце». Як зброя трапляе ў ЕЗ


Брытанскія журналісты сцвярджаюць, што з Украіны ў ЕЗ трапляе кантрабандная зброя.

Пра тое, што Украіна стала крыніцай паставак кантрабанднай зброі ў краіны Заходняй Еўропы, гаворыцца ў артыкуле «Sky News».

У матэрыяле распавядаецца, як журналісты сустрэліся ў Румыніі з адной з мясцовых груп, што займаюцца кантрабандай зброі.

Як адзначаюць брытанскія журналісты, у багажніку аўта кантрабандыстаў была зброя, даступная для набыцця. Кантрабандысты запэўнілі, што яны «маглі б пастаўляць тысячы адзінак зброі ды боепрыпасаў да яе».

«Мы прывязем яе (зброю) з Украіны з боепрыпасамі, столькі, колькі вы хочаце», – заявіў журналістам адзін з чальцоў групы.

Паведамляецца таксама, што паводле кантрабандыстаў, яны пастаўляюць зброю кантрабандным шляхам з Украіны ў Румынію перад адпраўкай у іншыя краіны Заходняй Еўропы і Блізкага Усходу. Але Заходняя Еўропа была і ёсць асноўным пунктам прызначэння кантрабанднай зброі.

Можна набыць гранаты і гранатамёты

Таксама кантрабандысты распавялі, што яны спецыялізуюцца на стралковай зброі, але яны мелі шчыльныя сувязі з іншай бандай, якая спецыялізуецца на цяжкім узбраенні, гранатах, гранатамётах ды мінах.

Журналісты адзначаюць, сярод зброі, якую «паказалі кантрабандысты», былі ўзоры сучаснага ўзбраення высокай якасці. Адзін з іх – аўстрыйская ваенная вінтоўка «Steyr» у камплекце з сучасным прыцэлам, коштам 3 тыс. еўраў.

Сярод іншых узораў прадаўцы нелегальнай зброі прапанавалі паўаўтаматычныя вінтоўкі, драбавікі, паляўнічыя стрэльбы і пісталеты.

«На ганаровым месцы АК-47. Гэта зброя, якую, як яны сказалі, прадаюць у Еўропу лепш за іншую на працягу апошніх двух гадоў (за 1700 еўра). АК-47 стаў зброяй тэрарыстаў нумар адзін», – адзначае выданне.

НМ, belsat.eu, паводле «Sky News»

Стужка навінаў