Прывязалі да дрэва і здзекваліся. Справа аб самагубстве дзевяцікласніка ў Баранавічах узноўлена


Фотаздымкі, што атрымала маці Ўлада. Хто на фота побач з прывязаным да дрэва Ўладам - невядома. Фота: з сайта intex-press.by

Пракуратура Берасцейскай вобласці ўзнавіла следства па справе падлетка, які скончыў жыццё самагубствам 22 снежня 2016 году ў сябе ўдому. Маці атрымала ад сяброў сына фотаздымкі, на якіх Улад прывязаны да дрэва і над ім відавочна здзекуюцца, паведамляе intex-press.by.

Маці Ўлада распавяла, што яшчэ ў студзені незнаёмая дзяўчына даслала ёй фотаздымкі, на якіх яе сын прывязаны да дрэва, а каля яго стаіць невядомы хлопец. Раней гэтыя фотаздымкі следства не прыняло да ўвагі, але 22 траўня маці атрымала ліст з пракуратуры, што крымінальная справа ў сувязі з самагубствам яе сына будзе ўзноўлена.

«Дзяўчына напісала мне, што гэтыя фотаздымкі дапамогуць следству. Я казала пра гэта следчаму, але ён нават не стаў разглядаць гэтыя доказы. Я не выключаю, што на фота побач з маім сынам стаіць нехта з вучняў школы. Мой адвакат лічыць, што сведкі па справе не былі апытаныя цалкам. Мой сын загінуў, і я цяпер буду змагацца да канца», – кажа Таццяна, маці Ўлада.

Улад скончыў жыццё самагубствам 22 снежня ў сябе дома. Сямʼя пераехала ў Баранавічы з Менску, і ў хлопца не складваліся адносіны ў школе. Напярэдадні трагедыі Ўлада разам з маці выклікалі на прафілактычную размову з-за канфлікту з аднакласнікам. Па словах маці, адміністрацыя школы ціснула на яе сына і пагражала калоніяй. Улад вельмі перажываў на гэты конт.

Гісторыя Ўлада Зялёнага ў праграме «Белсату» «Кожны з нас»

15-гадовы Ўлад быў адзіным дзіцём у сваіх бацькоў. Сямʼя жыла ў Менску, а потым бацькі разышліся, і маці з Уладам зʼехалі ў Баранавічы. Маці кажа, што ў Менску ў сына не было праблемаў з аднакласнікамі, а ў новай школе яго пачалі дражніць з-за таго, што ён са сталіцы, а таксама з-за незвычайнага прозвішча.

21 снежня Таццяну з сынам выклікалі ў школу на прафілактычны савет.

22 снежня Ўлад пасля абеду зачыніўся ў ванным пакоі, і праз некаторы час бацькам прыйшлося выломваць дзверы. Выратаваць хлопца не атрымалася.

ВЧ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары