Прывід будучай вайны:як адбываецца кібер-змаганне ў акопах Данбасу


Танкісты, артылерыя і пяхота – самыя заўважныя байцы вайны, якая ідзе на ўсходзе Украіны. Аднак часта не менш, а больш важная барацьба застаецца нябачнай – змаганне хакераў і спецыялістаў па радыёэлектроннаму супрацьдзеянню.
Напрыклад, толькі ў сераду зʼявілася інфармацыя пра тое, што амерыканскія разведвальныя беспілотнікі RQ-11B атрыманыя Украінай, аказаліся слаба абароненымі ад сродкаў радыёэлектроннага падаўлення з боку Расеі.


Жаўнер запускае ў паветра беспілотнік RQ-11 Raven.

RQ-11 Raven – даволі простыя і малыя беспілотнікі вагай у 1,7 кг, якія выкарыстоўвае і амерыканская армія супраць баевікоў у Іраку і Афганістане, аднак яны аказаліся амаль непрыдатнымі для баявых дзеянняў на Данбасе. Расейскія электроншчыкі з дапамогай магутнага абсталявання могуць перахопліваць і падаўляць перадачу дадзеных з гэтых беспілотнікаў.

«Гэта аналагавы комплекс, таму каналы кіравання і перадачы інфармацыі не абароненыя ад сучасных сродкаў электроннай барацьбы», – прызнала камандаванне Вайскова-паветраных сіл Украіны. Армія ЗША выкарыстоўвае новыя – лічбавыя – версіі гэтых жа дронаў.

Прадстаўнікі амерыканскіх войск таксама зазначылі, што здольнасці Масквы ў кампʼютарна-электронным супрадзеянні аказаліся значна большымі, чым чакалася. Амерыканская і ўкраінская арміі разам вучацца на сваіх памылках, распавялі амерыканцы.


Расейскі мабільны комплекс радыёэлектроннага падаўлення РЭП 1РЛ257 «Красуха-4».

«Нашы жаўнеры вучаць украінцаў, і адначасова мы самі шмат чаму вучымся ад іх. Траціна ўкраінскіх вайскоўцаў прайшлі праз зону баявых дзеянняў, у той час як ніхто з амерыканцаў не трапляў пад ракетны ці артылерыйскі абстрэл расейцаў, не бачыў наступстваў уздзеяння сродкаў радыёэлектроннага падаўлення ці выведкі», – казаў генерал-лейтэнант арміі ЗША Бен Ходжэс.

Са свайго боку ўкраінцы таксама выкарыстоўваюць любыя сродкі, каб заглушыць сувязь расейскіх баевікоў і зрабіць іх разведку «сляпой». Менавіта беспілотнікі сталі на гэтай вайне самым эфектыўным сродкам навядзення і карэктыроўкі агню артылерыі, які наносіць асноўную частку стратаў абодвум бакам.

Арыгінальным ходам украінскіх хакераў стала падключэнне да цывільнай сістэмы відэаназірання ў кантраляваных баевікамі раёнах – такім чынам яны назіралі ў рэальным часе за рухам войск і тэхнікі ў за лініяй фронту. У выніку ўкраінскія афіцэры маглі своечасова перакідваць падмацаванні ці зарганізаваць ракетна-артылерыйскі ўдары па ворагу.

Ідзе вайна і ў інтэрнэце – хакеры абодвух бакоў нападаюць на сайты дзяржаўных установаў і вайсковых частак, перадаюць сакрэтную інфармацыю сваім спецслужбам ці публікуюць яе ў сеціве.

Гэтак звязаная з расейскім урадам група хакераў «Fancy Bear» магла выкарыстоўваць шпіёнскія праграмы, імплантаваныя ў Android-гаджэты, каб адсочваць украінскія артылерыйскія падраздзяленні, паведаміла ў чацвер амерыканская кампанія «CrowdStrike», якая спецыялізуецца на кібербяспецы.

Украінскі афіцэр Яраслаў Шэрстук распрацаваў у свой час Android-дадатак, каб хутчэй рабіць разлік дадзеных для стральбы з 122-мм гаўбіц Д-30. Аднак пазней праз украінскія вайсковыя форумы быў распаўсюджаны распрацаваны «Fancy Bear» вірус, які мог перадаваць праціўніку дадзеныя з гаджэтаў украінскіх вайскоўцаў. Вынікам маглі быць смерці і раненні дзясяткаў і сотняў украінцаў.

Абодва бакі таксама ўзламвалі базы дадзеных мабільнай сувязі, каб фіксаваць месцазнаходжанне вайскоўцаў, а таксама распаўсюджваць праз мабільныя тэлефоны праціўніка прапагандысцкія матэрыялы.

Тое, наколькі ў будучыні будзе важнай і цяжкай барацьба ў кіберпрасторы паміж арміямі вялікіх дзяржаў падкрэсліў у сваёй прамове гэтай восенню начальнік штаба Сухапутных войск ЗША генерал Марк Мілі:

«Існуе вялікая верагоднасць, нават упэўненасць, што электронныя сістэмы стануць ахвярамі радыёэлектроннай вайны і кібервайны, і тэхніка будзе ўвесь час працаваць ва ўмовах большай ці меншай нефункцыянальнасці… Нам зноў могуць спатрэбіцца папяровыя мапы і магнітныя компасы. Што яшчэ важней, нам трэба вучыцца весці працяглыя баявыя аперацыі самастойна, без сувязі з суседзямі і камандаваннем».

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары