Прыватызацыя: апошні шанец


Апоўначы 30 чэрвеня панятак «прыватызацыя» адыдзе ў гісторыю. Патэнцыйна вашая маёмасць зробіцца дзяржаўнаю, а вы – яе арандатарам.

Уласцівая чалавеку звычка – адкладаць важнае на апошні дзень – спрацавала ізноў. Хто перакідваў на заўтра прыватызацыю кватэры, мае апошні шанец заявіць пра такі намер. Непакоячыся, што чэргі вышыхтуюцца неймаверныя, для пасажыраў апошняга цягніка ў кірунку прыватызацыі ЖРЭУ і ЖКГ пашырылі графік працы. Сёння і заўтра прыйсці можна ад 6-ай да 24-ай гадзіны.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, дзяржава валодае без малога 8 % жыллёвага фонду. Толькі ў Менску гэта больш за 19 тыс. кватэраў. З 1-га ліпеня яны пяройдуць у фонд камерцыйнага жытла. Таму апроч камунальных паслугаў, наймальнікам давядзецца аплочваць яшчэ і арэнду.

Прыватызаваць ці не?

Гэта выбар паміж «быць уласнікам» і «здымаць жытло». Выбар памеру рахунка ў жыроўцы. У гарадах прыватызацыя даражэйшая, чымся ў мястэчках і на вёсцы. Яна таксама залежыць ад спажывецкіх якасцяў памяшкання і проста прапарцыянальная індэксу змены коштаў на будаўнічыя працы. У навейшым доме квадратны метр будзе каштаваць больш. Але калі рынкавы кошт жытла апынецца ніжэйшы за ацэнены дзяржаваю, грамадзянін можа прыватызаваць жытло паводле рынкавага кошту. У Менску сярэдняя цана працэдуры летась складала Br 500 млн, на сяле – каля Br 30 млн. На аплату даюць растэрміноўку ад 20 ці на 40 гадоў.

Калі права ўладальніка падалося вам нятанным, то ўжо ў ліпеньскай жыроўцы зʼявіцца дадатковы радок за арэнду. Аплата будзе ажыццяўляцца паводле паніжаючага каэфіцыенту. Зноў жа, для кожнай часткі гораду ён свой:

1-ая зона гораду – 1,5
2-ая зона гораду – 1,2
3-ая зона гораду – 1,0
4-ая зона гораду – 0,8
5-ая зона гораду – 0,5

У абласных і раённых цэнтрах каэфіцыенты ўсталяваныя мясцовымі ўладамі. Чым далей ад цэнтру кватэра і менш зручнасцяў мае – тым ніжэйшы будзе тарыф.

Да прыкладу ў Баранавічах усталявалі каэфіцыент 0,1. Формула разліку кошту арэнднай платы наступная: 0,2БВ х КД х S х ПК

БВ – базавая велічыня (цяпер гэта Br 210 000)
КД – каэфіцыент дабрабыту і месцазнаходжання (у Баранавічах гэта 0,6)
S – плошча кватэры
ПК – паніжаючы каэфіцыент (у Баранавічах гэта 0,1)
0,2 х 210 000 х 0,6 х 53 х 0,1 = Br 133 560 (Br 13 руб. 35 кап. пасля дэнамінацыі)

Такую суму штомесячна будзеце выдаткоўваць за карыстанне непрыватызаванаю кватэраю ў Баранавічах плошчаю 53 м2. Аплата за прыватызацыю гэтага ж жытла каштавала б вам каля Br 190 000 на месяц (Br 19 руб. пасля дэнамінацыі).

Розніца ёсць, але прыватызаваць варта – пераконваюць і чыноўнікі, і эксперты ў галіне нерухомасці. Гэтак, блогер Віктар Малішэўскі не прыватызаваную маёмасць лічыць страчанаю: «Усе хто згубяць – вінаватыя самі. У іх былі ўсе магчымасці і шмат гадоў на роздумы».

«Усе хто згубяць – вінаватыя самі».

«Трэба разумець, што гэтыя людзі анікому ні капейкі не плацілі за сваю нерухомасць. Ім яна дасталася за так. Уцякае магчымасць прыватызаваць з адтэрміноўкаю на 20 ці на 40 гадоў. Тых, хто не скарыстаецца – некалькі адсоткаў, і лепш я буду пераймацца за бяздомнікаў, чымся за іх», – кажа антыжурналіст.

Прычыны для пераймання

Па-першае, не будзе магчымасці пакінуць нерухомасць дзецям у спадчыну, падараваць ці абмяняць, здаць у арэнду.
Па-другое. Не будзем забывацца, што выставіць чалавека за дзверы з арэндаванай плошчы значна прасцей.

«Згодна з арт.86 Жыллёвага Кодэксу высяленню падлягаюць і ўласнікі, і арандатары, якія без паважных прычынаў маюць паўгадавую запазычанасць па камунальных абавязках. Розніца ў тым, што ўласніка адселяць з прапановаю больш таннага жытла ў іншым месцы, арандатара – адселяць на вуліцу», – кажа юрысконсульт таварыства «Абарона правоў спажыўцоў» Уладзімір Навасяд.

«Калі ж у сямʼі ёсць недзеяздольныя асобы ці маленькія дзеці, то ўласніка будуць выганяць толькі з санкцыі органаў апякунства», – дадае спецыяліст.

Такім чынам, галоўная цікавасць для дзяржавы ў пераводзе жытла ў арэндны фонд – гэта папаўненне бюджэту за кошт пашырэння падаткавай базы ў галіне.

Па-трэцяе, гэта цяпер месячны памер арэнднай платы за жытло дзяржаўнага камерцыйнага фонду меншы чымся аплата за прыватызацыю. З павелічэннем базавай велічыні будуць расці і сённяшнія каэфіцыенты.

Абы не апынулася, што праз некалькі гадоў грамадзяне, якія адмовіліся ад прыватызацыі, пачнуць шкадаваць пра непапраўнае рашэнне. Сёння думак пра гэта яшчэ няма, бачым па адсутнасці чэргаў ля тых самых ЖЭСаў, якія прымаюць заяўкі на працягу 18-ці гадзін – каб кожны ахвочы ў апошні вагон ускочыў.

Юлія Цяльпук

Стужка навінаў