Прысуд у Маскве: схапіў за рукаў плячо паліцыянта і атрымаў 8 месяцаў калоніі-пасялення


Падчас акцыі пратэсту супраць карупцыі ў Маскве актор Юрый Кулій паспрабаваў адцягнуць афіцэра Нацыянальнай гвардыі, які збіваў аднаго з пратэстоўцаў. У выніку, актора абвінавацілі ва «ужыванні гвалту ў дачыненні да прадстаўніка ўлады», які пасля паскардзіўся на «фізічны боль».

Нацыянальная гвардыя падпарадкоўваецца непасрэдна Пуціну, створаная для барацьбы з «каляровымі рэвалюцыямі». Яе супрацоўнікаў адправілі ўціхамірваць мірныя пратэсты супраць карупцыі ў расейскім урадзе ў сакавіку, арганізаваныя па ініцыятыве расейскага апазіцыянера Аляксея Навальнага. Падчас акцыі 26 сакавіка на Пушкінскай плошчы ў Маскве байцы Нацгвардыі спрабавалі затрымаць аднаго з пратэстоўцаў.

Кулій хацеў перадухіліць затрыманне і схапіў за руку аднаго з ахоўнікаў, а затым быў арыштаваны. На апублікаваных расейскім Следчым камітэтам здымках бачны момант, на якім 28-гадовы мужчына толькі адсоўвае рукой плячо паліцыянта. Аднак следчыя і суд кваліфікавалі гэта як гвалт.

У судзе супраць мужчыны сведчыў Аляксандр Петрунько – сябра нацыяналістычнай пракрамлёўскай арганізацыі «SERB», які падазраецца ў абліванні Навальнага зялёнкай. Нягледзячы на тое, што Навальнаму пагражае страта зроку на адно вока, Петрунько знаходзіцца на волі. Кулій тым часам амаль месяц знаходзіцца ў арышце.

Актор прызнаў сябе вінаватым у злачынстве, якое яму інкрымінуюць і папрасіў прабачэння ў «ахвяры», спадзеючыся на паслабленне рашэння. Аднак суддзя Марыя Сізінцава была няўмольная і накіравала Юрыя Кулія на 8 месяцаў у калонію-пасяленне.

Следчы камітэт Расеі абвінаваціў пратэстоўцаў ва ўжыванні гвалту ў дачыненні да службовых асоб. Чатыры з іх у зняволенні.

ЯБ, НМ, belsat.eu, паводле Zona.media

 

 

Стужка навінаў