Прысуд па справе гамафоба Дзмітрыя Лукашэвіча без зменаў: 2 гады 8 месяцаў узмоцненага рэжыму


Сёння скончыўся суд над гамафобам Дзмітрыем Лукашэвічам. Цяжкое збіццё Міхаіла Пішчэўскага, якое завершылася ампутацыяй 20 адсоткаў мозгу, суддзя классіфікаваў  паводле часткі 1 артыкула 339  хуліганства і артыкула 155  нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў па неасцярожнасці. Тэрмін зняволення без зменаў – 2 гады 8 месяцаў.

Акрамя гэтага Лукашэвіч мусіць выплаціць на карысць сям’і Пішчэўскага 150 мільёнаў рублёў за маральныя страты і 63 мільёны – за матэрыяльныя. Довады пракурора і адваката пра тое, што дзеянні абвінавачанага трэба кваліфікаваць як наўмыснае нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў і прысудзіць яму 7 гадоў няволі, не змаглі пераканаць суддзю. Матыў нянавісці да ЛГБТ супольнасці таксама не быў улічаны.

Паводле сястры пацярпелага Таццяны Пішчэўскай, Лукашэвіч так і не зразумеў, што натварыў:

«Па закону суддзя даў па максімуму, больш яму не дадуць. Мы з гэтым згаджаемся, але справаў у тым, што калі браць па справядлівасці, то закон трэба змяняць. Каб такія хлопцы, што збіваюць бяздумна, пабылі ў шпіталі, паглядзелі, можа не за тым, каго збілі, але за іншымі. Паглядзелі на гэта і зразумелі, таму што ён на самой справе нічога не зразумеў, як цяжка Мішы і нам. Ён усміхаўся, казаў яхідна, бачна, што не ад чыстага сэрца».

Дзмітрый Лукашэвіч напаў на Міхаіла Пішчэўскага, калі той выходзіў з гей-вечарыны. У бойцы маладзёну разбілі галаву. Хлопец некалькі месяцаў прабыў у коме, а цяпер застаецца ў стане, блізкім да вегетатыўнага.

Першапачаткова суд Цэнтральнага раёну прызначыў Лукашэвічу 2 гады і 8 месяцаў няволі. Але праз касацыйныя скаргі пракурора і адваката пацярпелага Гарадскі суд Менску адправіў справу на перагляд, які скончыўся аналагічным рашэннем.

Пастанову суда сваякі Пішчэўскага абскарджваць не збіраюцца, кажуць, што ў гэтым няма сэнсу і лепей скарыстаць час на дагляд за Міхаілам і пошук сродкаў на ягоную рэабілітацыю.

Падчас папярэдняга паседжання сваякі асуджанага напалі на журналістаў і ледзь не разбілі камеру аператару «Белсату». Сястра Лукашэвіча пагражала падаць на журналістаў у суд за збіццё.

Алег Ражкоў, ДР, МЛ belsat.eu

Стужка навінаў