Прысуд па справе «Белсату» абвесцяць 4 верасня


У калегіі інтэлектуальнай уласнасці ў Вярхоўным Судзе Беларусі другі дзень запар разглядалі чарговы пазоў бізнесоўца Андрэя Белякова супраць нашага тэлеканала.

Міхась Янчук, які рэпрэзентуе «Белсат» на судовым працэсе, распавёў, што прысуд будзе абвешчаны 4 верасня а 9 гадзіне раніцы. Сёння суд разгледзеў аргументы і доказы спадара Белякова: «Сёння выступаў пракурор. Заўтра суд прыме канчатковае рашэнне. Выглядае на тое, што перамога за намі, але трэба пачакаць. Наш адвакат зрабіў усё магчымае, каб паказаць абсурднасць патрабаванняў пазоўцы».

Пяць месяцаў таму Вярхоўны Суд не задаволіў патрабаванняў бізнесоўцы, палічыўшы іх неабгрунтаванымі, і вынес рашэнне на карысць нашага тэлеканалу. Пераразгляд справы ініцыяваў прэзідыўм Вярхоўнага Суда. Гэтым разам справаю займаецца іншы склад суддзяў.

Андрэй Белякоў з фірмы «БЕЛСАТплюс» патрабуе забараніць выкарыстанне таварнага знаку «Белсат ТВ». «Таксама наш апанент дамагаецца спагнаць з нас судовыя выдаткі ў памеры Br 9 998 800, – гаворыць Міхась Янчук. – Зрэшты, у судзе ён сказаў і пра іншыя варыянты развязання справы. Напрыклад, «Белсат» мае адмовіцца ад выкарыстання беларускай мовы, а перайсці на любую іншую – «хоць арабскую», як сказаў сп. Белякоў, ці спыніць вяшчанне ў рэгіёне і пераключыцца, напрыклад, на Афрыку».

МЛ, ДР, belsat.eu

Стужка навінаў