Прыслугоўваць – неабавязкова!


Вашая партнёрка занадта апякунчая – шые, мые, варыць і робіць мінет адначасова, бо сама так вырашыла, а потым скардзіцца на стому? Самы час насцярожыцца. Магчыма ў вашым доме ўтварыўся гендарны перакос. Вінаватых можа быць двое, адзін ці адна. І гэта трэба высветліць. Бо карані такой гіперувагі – зусім не абавязкова ў каханні.

Гульня ў «Домік» ад Нікі Сандрос

Натхніла рэдакцыю на дыскусію (і ў выніку – на артыкул) мастачка, тэлевядоўца, блогерка і як высветлілася «звычайная жанчына» Ніка Сандрос, калі зрабіла такі лаканічны допіс:

Я (заглядывая в холодильник): «Нажарю ка я сегодня куриных котлеток»…

Эндрю (включая World of Tanks, наилюбезнейшим голосом): «Ты не против если я посижу за компьютером? Не буду тебе мешать»…

Какой милый. Всегда так заботливо не мешает мне.

Гэты пост спадабаўся сотням людзей, а пазнаць у ім сваю хатнюю рэчаіснасць можа пераважная колькасць беларускіх жанчын. З разуменнем таго, што гульня ў катлеткі не дацягвае да гульні ў танкі, мы троху знянацку звярнуліся да Нікі з пытаннямі:

– Ніка, вы яшчэ спрабуеце жартаваць і пакуль яшчэ не прызналі, што катлеткі – гэта гульня? Распавядзіце нам, што прывяло вас на кухню пасля шматлікіх гадоў у сцверджаннях «толькі не са мною такія гульні»?

– Я нармальная, самая звычайная жанчына. У маёй сям’і прынята карміць сваіх мужчын. Я не вельмі добра гатую, але стараюся. Мне прыемна гаспадарыць, але на жаль часу на гэта не стае. Раней я не гатавала, бо побач не было мужчыны, які б натхняў мяне і абуджаў жаданне быць хатняю жонкаю… Увогуле – для мяне ўсё гульня. Гульня ў «Домік», і хатнія клопаты не напружваюць.

– Што вы думаеце пра сіндром «дагаджаць мужчыне і прыслугоўваць яму», уласцівы жанчынам са звычайнай беларускай сям’і? Ён непазбежны ці яго ніхто не імкнецца пазбягаць? Гэта калі кабета робіць тое, тое і яшчэ вунь тое ды крывіцца ў самаахвярнасці з чаканнем – калі ж ён гэта ацэніць?..

– Я не імкнуся «дагаджаць» і атрымліваю агромістае задавальненне, робячы майму мужчыне прыемна. Але тут ёсць найважнейшы нюанс: мяне цешыць і грэе, што ён раўназначна, а часам і больш імкнецца дагаджаць мне. Хоць калі я зусім нічога не буду для яго рабіць, стаўленне да мяне не пагоршыцца. Гэта пацвярджае досвед… Я б не стала дагаджаць аніводнаму мужчыне ў свеце, калі б той не насіў мяне на ручках. Але агулам, сярод баязлівых людзей, пазбаўленых самапавагі, напэўна прынята дагаджаць мужу, баючыся застацца самотнаю.

І каб усё ж выключыць сябе з гэтага жахлівага спісу, «звычайная» Ніка рапартавала, што толькі 2 тыдні ў жыцці была самотнаю. І ёй… спадабалася!

Рэалізавацца як жанчына

«У словах вашае суразмоўцы шмат супярэчнасцяў», – заўважыў сямейны псіхолаг Павел Зыгмантовіч. «Па-першае яна робіць тое, што прынята ў грамадстве, а гэта несвабодны выбар. Па-другое, яна кажа, што ёй гэта падабаецца. Можа і сапраўды падабаецца, але часцей такія словы – існуюць адно дзеля падтрымання матывацыі. Трэцяе – што яна ўжо і не супраць, што дагаджае, але падкрэслівае, што толькі ласкаю ў адказ на апякунства любага. І безумоўна, чацвёртае – што толькі два тыдні ў жыцці была без мужчыны. Гэта акурат доказ таго, што самотнасць не можа ёй падабацца».

– Адыходзячы ад гэтага прыкладу і кажучы агулам пра сапраўды псіхалагічна складаныя сітуацыі, якія паўстаюць у сярэднестатыстычных сем’ях… Жанчыны выконваюць бытавыя рытуалы вакол мужчынаў, абы тым дагадзіць, гатуюць, пяруць, мыюць-чысцяць – без жадання гэта рабіць, потым – пакрыўджаныя адсутнасцю пахвалы і без настрою, аднак пагаджаюцца на секс ды ўсё чакаюць «калі ж ён урэшце ацэніць тыя высілкі!» Чаму гэтак адбываецца?

– Гэта паходзіць з прынятага ў грамадстве за норму жадання жанчыны быць у стасунках, быць жонкаю. Гэта калі галоўная мэта жанчыны ў стасунках – не каханне, а прага рэалізавацца як жанчына. Калі так, то дрэнна будзе і ёй і мужчыне, які побач. Бо імкнучыся за выкананнем паказніку індывідуальнай і сацыяльнай самарэалізацыі, жанчына будзе хітрыць, граць ролі, замоўчваць праблемы і празмерна старацца ў быце – таксама. Абы не застацца самотнаю пасля 30 гадоў і мець магчымасць нарадзіць дзіця ў сям’і. Гэта адная са старых сацыяльных нормаў, якія змяняюцца няспешна. Ужо не 18-ае стагоддзе, і шматлікія жанчыны маюць эканамічную незалежнасць, але яшчэ не пазбавіліся стэрэатыпу «жанчына не замужам – жанчына не патрэбная – а таму быццам неда-жанчына». Таму нават тая кабета, якая прыкладны да 30 гадоў прапагандавала фрі-лав, трапляе ў сацыяльную пастку, пачынае баяцца, мучыцца, пакутаваць ад самотнасці…

– Ад самотнасці, якая рабіла яе шчасліваю яшчэ некалі гадоў таму?

– Дакладна. І вельмі шкада, што гэтак адбываецца. Трэба працаваць над сабою і пазбаўляцца такіх псеўданяшчасцяў як мага раней.

Прыслугоўваць бясплатна?

Гэта яшчэ адное пытанне, і адначасова прычына гендарнай няроўнасці. Ірына Нагорная, якой цяпер 31 год, цяпер у другім, удалым на ейны погляд, сужэнстве. Пытанне прыслугоўвання пакідае выключна ў эканамічных межах.

– Вы хочаце, каб жанчыны прыслугоўвалі мужчынам бясплатна? Гэта не магчыма. Варыянтаў толькі тры: 1. Ніхто нікога не ўтрымлівае – ніхто нікому не прыслугоўвае. 2. Мужчына ўтрымлівае жанчыну – жанчына прыслугоўвае мужчыне. 3. Жанчына ўтрымлівае мужчыну, і тады ён – прыслугоўвае ёй. Іншага не выпадае. У нашай сям’і зарабляюць абодва, таму ўнітаз ці посуд мыем то ён, то я. Суп гатую сама, іначай супу не будзе. Смецце выносіць ён, іначай будзе смярдзець… У ложку – феерверкі.

Спецыяліст у пытаннях гендарнай роўнасці Ірына Альхоўка з гэткі падыход да стасункаў ухваляе, але адзначае, што такіх сем’яў у Беларусі – надзвычай мала.

– Спалучэнне сямейных і прафесійных абавязкаў – вельмі вострая тэма. Існуе так званая схаваная, ці неаплочваваемая праца. Гэта хатнія абавязкі, якія не маюць эканамічнае ацэнкі. У гэтай схаванай эканоміцы на 90 % задзейнічаныя жанчыны. Па сутнасці гэта другая ці трэцяя штодзённая працоўная змена. Пры гэтым функцыі, якія выконвае жанчына, можа выканаць і ейны партнёр, бо полам і геніталіямі яны не абумоўленыя.

Фонд ААН у галіне народанасельніцтва сёлета заявіў, што гендарныя перакосы, якія замацоўваюць перавагу мужчынскага полу над жаночым, існуюць ува ўсіх галінах нашага жыцця. Жанчыны больш працуюць і менш зарабляюць, часцей цярпяць гвалт. І найчасцей адзіным тлумачэннем гэтага беларусы называюць створаную ТРАДЫЦЫЮ.

Юлія Цяльпук, belsat.eu

Стужка навінаў