Прынц Аляксей «from Belarus» і кампанія. Як паказваюць нашую краіну ў замежных серыялах


Здараецца, што заходняму гледачу на талерачцы разам з любімым серыялам тэлевізіёншчыкі падносяць незвычайны і незнаёмы інгрэдыент: згадку пра Беларусь. І далёка не заўсёды краіна прадстаўлена такой, якая яна ёсць насамрэч. Belsat.eu падрыхтаваў ТОП 5 серыялаў, дзе Беларусь зʼяўлецца нечакана ды здзіўляе не толькі гледача на Захадзе, але і ўласна беларусаў.

Звышнатуральнае

У серыяле жахаў Беларусь згадваюць двойчы. Першы раз – у 17 серыі 6 сезону анёл Касціэль, ратуючы братоў Вінчэсцераў, пераносіць іх у беларускі лес. Другі – у 8 серыі 12 сезону падчас нарады прэзідэнта ЗША, у цела якога ўсяліўся дэман Люцыфер.

Сакратарка распачынае нараду:

– Пакуль Вас не было ў Вашынгтоне, у Беларусі былі сарваныя перамовы паміж урадам і паўстанцамі. Мы адклікаем пасла Харкіна. Сэр, можа варта прыцягнуць ААН?

На што прэзідэнт, апантаны дэманам, адказвае:

– Ці проста шарахнуць па іх ядравай бомбаю!

Пасля чаго прэзідэнт моцна рассмяяўся.

Агенты Ш.Ч.Ы.Т.

У 1 сезоне 4 серыі агенты звышсакрэтнай службы Ш.Ч.Ы.Т. трапляюць у Беларусь, у Віцебскую вобласць, у неіснуючы гарадок Злода. Місія – знайсці загадкавую злачынцу Мадур.

Адна з агентак пачынае дыялог:

– Дзіўна, з дзяцінства хацела пабываць у Злодзе.
– Злода ў Беларусі? Мара спэўнілася?
– Тут нарадзіўся Нобэлеўскі лаўрэат па фізіцы Жарэс Алфёраў, ён канешне з Віцебску, але да яго менш за гадзіну язды адсюль. Сумна, што ты гэта не ведаў.

Знакаміты фізік Алфёраў сапраўдны нарадзіўся на Віцебшчыне, аднак, у гарадку Чашнікі.

Адметна, што стваральнікі серыялу зрабілі ўсе подпісы па-беларуску. Часам у кадры чуецца беларуская мова. А аўтамабільныя нумары вельмі падобныя да сапраўдных.

Нікіта

У 5 серыі 2 сезону серыялу галоўная гераіня – спецагент Нікіта з паплечнікамі павінна забіць беларускага прэзідэнта Валерыя Авечкіна. Дакладней двайніка прэзідэнта, які выйшаў з-пад кантролю, забіў сапраўднага прэзідэнта ды пераўтварыўся ў дыктатара.

«Пасля шасці гадоў стабільнасці ён абвясціў у краіне ваеннае становішча. Гэта адбылося пасля таго, як асабістага памочніка прэзідэнта забілі», – гаворыцца ў серыяле.

Па ходу серыі становіцца зразумела, што Беларусь прадстаўлена, як краіна, дзе адбыўся «самы ціхі ў свеце» пераварот. А яшчэ паказана, што ўсе СМІ цалкам падкантрольныя псеўда-прэзідэнту.

Цікава, што дом прэзідэнта нагадвае невялічкі каменны катэдж з двума нацыянальнымі сцягамі.

Шэрлак

У 3 серыі 1 сезону Шэрлак Холмс прыехаў у Менск, зацікавіўшыся новым расследаваннем. Аднак, вельмі хутка губляе цікавасць да гэтага злачынства:

«А як жа справа ў Расеі?», – пытаецца доктар Ватсан.
«У Беларусі. Звычайнае побытавае забойства. Не вартае маёй увагі», – адказвае яму Холмс.

У кадры Шэрлак Холмс паўстае на фоне дзяржаўнага чырвона-зялёнага сцяга ды вядзе размову са зняволеным у турме.

Пляткарка

У другім сезоне серыялу для маладзёнаў «Пляткарка» з’яўляецца прынц Аляксей з Беларусі. У адным з начных клубаў прынц спрабуе пазнаёміцца з гераіняй серыялу – Джарджынай: «Я не мог не заўважыць вас. Я прынц Аляксей з Беларусі» – пачынае ён дыялог. На што дзяўчына раздражнёна адказвае: «Як цудоўна, што яшчэ можна сустрэць прынца».

Настырны прынц спрабуе пахваліцца: «Я адлятаю назад у сваю краіну, каб святкаваць адкрыццё майго новага нафтаправода. Далучыцца не жадаеце?» – гераіня яшчэ больш раздражнёна – «Вы ведаеце, я вучуся ў каледжы і не ведаю, што цяпер вам адказаць, прынц!». Пасля чаго хутка сыходзіць. Пазней становіцца вядома, што прынц з Беларусі насамрэч не прынц, а звычайны прыслуга з Менску і яго завуць Ваня.

МД, belsat.eu

Стужка навінаў