Прымусоўка для беспрацоўных: 7 $ за дзень працы і мех гародніны ў дадатак


[vc_single_image image=”368495″ img_size=”large”]

Як беспрацоўныя працуюць на грамадскіх працах, каб іх не запісалі ў «дармаеды».

Карэспандэнты агенцтва «Менск-Навіны» правялі дзень з беспрацоўнымі, якіх ад службы занятасці два дні ў месяц накіроўваюць на грамадскія працы.

З Менску беспрацоўных вязуць на ўборку цыбулі амаль за 100 кіламетраў – на фермерскую гаспадарку «Сяброўства і К» недалёка ад Смалявічаў.

«Вось мы ўсе тут беспрацоўныя. Прыехалі з усяго гораду. Кожны з нас абавязаны два разы ў месяц адпрацаваць на грамадскіх працах. У праціўным выпадку служба занятасці здыме нас з уліку і пазбавіць дапамогі (180 тыс.рублёў). Яшчэ «падатак на дармаедства» прыйдзецца заплаціць. Каб трапіць на працы, запісваемся загадзя. Накіраванне бярэм у аддзеле працаўладкавання па месцы жыхарства», – кажа інтэлігентнага выгляду мужчына, які прадстаўляецца Валерам.

[vc_single_image image=”368377″ img_size=”large”]

Сам ён працаваў у школе выкладчыкам малявання і крэслення амаль 20 гадоў. Пасля скарацілі. На ўліку ў службе занятасці стаіць ужо другі год.

Па словах кіраўніка фермерскай гаспадаркі «Сяброўства і К» Уладзіміра Крапіўкі, за дзень працаўнікі атрымоўваюць 120 тыс. рублёў (крыху менш за 7 $).

«Некаторыя думаюць, што ў нас халява. Памыляюцца. У полі застаюцца тыя, хто хочуць зарабіць. Адзін чалавек, які ездзіць у гаспадарку, можа пракарміць усю сям’ю: акрамя заробку, даем столькі гародніны, колькі можа забраць працаўнік. Красці не дазваляем», – кажа Уладзімір Крапіўка.

Штодня працаваць у поле фермерскай гаспадаркі выходзяць каля 100 беспрацоўных. Менчукоў прывозяць на аўтобусе, а тыя, хто жывуць у Жодзіна, Барысаве і Смалявічах, дабіраюцца на электрычцы.

НМ, Belsat.eu, паводле «Менск-Навіны»

Стужка навінаў