Прымушаў жабраваць і зарабіў тысячы долараў. Справу перададуць у суд


Следчы камітэт скончыў папярэдняе расследаванне ў адносінах да 24-гадовага жыхара Магілёва, які збіваў людзей і прымушаў прасіць міласціну.

Яго вінавацяць у выкарыстанні рабскай працы, гандлі людзьмі і вымагальніцтве, паведаміла афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэту па Магілёўскай вобласці Аксана Саленюк. Максімальны тэрмін, які можа пагражаць за такія дзеянні паводле аднаго з артыкулаў – 12 гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці.

Са студзеня 2017 па красавік 2018 года ў Менску, Гомельскай, Менскай і Магілёўскай вобласцях мужчына шукаў людзей, якія былі ў цяжкім матэрыяльным становішчы, і прапаноўваў ім дапамогу ў працаўладкаванні ў будаўнічай галіне. Пазней перавозіў іх у розныя гарады, дзе ўжываючы гвалт, расстаўляў у грамадскіх месцах і прымушаў займацца жабрацтвам пад выглядам інвалідаў. Для гэтага нават забяспечваў вазкамі.

Агулам абвінавачаны, выкарыстоўваючы працу васьмі пацярпелых, атрымаў больш за $ 47 тыс. (больш за $ 22 тыс.) прыбытку.

Калі адна з пацярпелых вырашыла сысці ад яго, ён неаднаразова, пагражаючы, прад’яўляў ёй і ейнаму хлопцу патрабаванні даць $ 1000 – у столькі ён ацаніў асабістую свабоду жанчыны.

Адрыны на тэрыторыі домаўладання, у якіх жылі пацярпелыя

На дадзены момант абвінавачаны знаходзіцца пад вартай. Падчас вобшуку ў яго дома вынялі інвалідныя вазкі, плакаты з заклікамі аб дапамозе, банку з манетамі.

Крымінальную справу перадалі пракурору, які накіруе яе ў суд.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў