«Прыйшлося двухгадоваму дзіцяці распавядаць, што мама сядзела ў клетцы»


Вольга Сцяпанава пасля родаў удома згубіла дзіця. Потым чатыры месяцы правяла ў ізалятары, прайшла праз суд, абвінаваўчы вырак і падала апеляцыю. Жанчына пагадзілася сустрэцца з журналісткай belsat.eu ды распавесці пра выпрабаванні, праз якія давялося прайсці ёй і ейнай сямʼі.

7 верасня суд Чыгуначнага раёну Віцебску прызнаў 31-гадовую жанчыну вінаватай у смерці дачкі і прысудзіў шэсць месяцаў у калоніі-пасяленні, але вызваліў пад падпіску аб нявыездзе пры належных паводзінах на час абскарджвання. Цяпер Вольга з мужам Алегам чакаюць разгляду апеляцыі і намагаюцца вярнуцца да нармальнага жыцця.

«Трагедыя яшчэ больш згуртавала нашу сям’ю і родных»

Мяне вельмі здзівіў мой муж. Я і раней ведала, што ён чалавек не абы-які. Калі мяне затрымалі, першае, што я папрасіла – заняць маё месца. Таму што з дачкой Насценькай мы былі вельмі блізкія. Я чатыры дні не магла ні ёсць, ні піць, ні спаць праз тое, як адрэагавала на ўсё гэта маё дзіця.

Алег сказаў: «Маё жыццё дэмантаванае цалкам, але я пра гэта ніколькі не шкадую». Ён кінуў сваю працу і поўнасцю пасвяціў сябе дачцэ. Я яму вельмі ўдзячная за гэта. У нас і так былі добрыя, роўныя адносіны, але праз гэтую сітуацыю яны яшчэ больш умацаваліся. І іншыя мае сваякі, якія жывуць за межамі Беларусі, абʼядналіся і дапамагалі, як маглі. Я ім за гэта ўдзячная.

Больш за ўсіх у гэтай сітуацыі пацярпела двухгадовая дачка

У мяне вельмі моцна Насця пацярпела. На шчасце, на яе развіцці гэта ніяк не адбілася, яна развіваецца ў адпаведнасці са сваім узростам, хаця раней развівалася з вялікім апярэджаннем. А вось у эмацыйным плане ёй патрабуецца дапамога псіхолага. Зараз ёй патрэбна вельмі добрая карэкцыя эмацыйнага стану. Таму што яна можа прачнуцца і без прычыны заплакаць. Бачны эмацыйны надлом.

І мяне яна да сябе не падпускала пару дзён: гулялася, але не давала абдымацца. Мне прыйшлося двухгадоваму дзіцяці распавядаць, што мама сядзела ў клетцы, маму да Насці не пускалі. Мама вельмі хацела.

Яна першы час на гэта ніяк не зрэагавала, але потым пачала падпускаць мяне да сябе. Відаць, нешта зразумела. І калі ў мяне дзіця ў паўтары гады размаўляла сказамі, то цяпер выціснуць з яе хоць бы адно слова – цяжка. Яна ўсё разумее, яна ўмее размаўляць, але для таго, каб выцягнуць яе на дыялог, трэба вельмі пастарацца.

Было шмат планаў, але цяпер многае змянілася

Мы з Алегам планавалі шматдзетную сямʼю. Я шчыра перакананая, што дзіця паўнавартасна можа развівацца толькі ў поўнай шматдзетнай паспяховай сямʼі. Мы планавалі як мінімум траіх. І з маладосці ў мяне было жаданне яшчэ ўзяць у сямʼю дзяцей, калі свае падрастуць.

Я не ведаю, ці змагу цяпер яшчэ раз вырашыцца на мацярынства пасля таго, што адбылося. Трэба навучыцца больш спакойна глядзець на цяжарных, на немаўлятаў, каб гэта было без болю, горычы, без роспачы. Але планы ўсынаўлення нікуды не дзеліся.

Калі побач праходзіць цяжарная, то ты яе ў думках добраслаўляеш, адчуваеш светлае пачуццё і ідзеш далей. Цяпер ты таксама хочаш ёй усяго лепшага, але ў гэты час адчуваеш горыч і разумееш, што гэткі псіхалагічны стан не падыходзіць для таго, каб вынасіць дзіця. Гэта пэўныя страхі, насіць дзіцяці і ўспамінаць увесь час Лізу, якая сышла. Гэта цяжка. Калі я зразумею, што ў мяне гэты стан мінуў ці неяк прытупіўся, то магчыма, але пакуль я не гатовая.

Пасля суду першыя два дні адсыпалася ў цемры

Першыя два дні я адсыпалася ў цемры ўпершыню за 4 месяцы. У ізалятары заўсёды гарыць святло, ноччу яно пераключаецца на менш яркае. Напярэдадні ў мяне быў цяжкі тыдзень, бо ішоў суд. Потым прайшла абследаванне. А потым муж прывёз Настачку на пару дзён.

Мы знялі дом на два дні і правялі гэты час з сям’ёй, бо аб гэтым я доўга марыла. 4 месяцы расстання з мужам, з дачкой – гэта было нялёгка.

Умовы ў СІЗА не самыя лепшыя не толькі для жанчын

Я думаю, што там для ўсіх умовы не самыя лепшыя. Абсалютная незахаванне нават элементарных санітарных нормаў у тым плане, што на 12-15 квадратных метрах могуць трымаць 10 асобаў. Гэта цесна, нават проста ісці і не штурхнуць кагосьці вельмі складана. Тут жа спальныя месцы, стол, санвузел.

Ну і другі момант, гэта пастаянна накуранае памяшканне. З санітарна-гігіенічнымі пытаннямі мы спраўляліся рэгулярнаю уборкаю па 3-4 разы на дзень, гэта магло і не перашкаджаць, калі не ўлічваць эстэтычныя моманты. З 6 раніцы да 10 вечара ў камеры пастаянна хтосьці паліў, бо месца для палення таксама было тут. З улікам таго, што я ніколі не паліла – гэта дастаткова цяжка.

На другі тыдзень амаль ва ўсіх пачыналі расці інсулінавыя жываты

Калі прагледзець меню, то яго можна было б назваць амаль што карысным для здароўя, асноўны рацыён – кашы, супы. Але калі ўлічваць, што ў кашу, як правіла, дадаюць муку, маргарын, ежа становіцца цяжкаю.

Вельмі абмежаваная колькасць гародніны: квашаная капуста, тушаная гародніна – гэта свята жыцця. Калі камусьці сваякі не перадаюць ежу, то ім даводзіцца вельмі цяжка.

Фактычна ва ўсіх праблемы са страўнікам, ва ўсіх інсулінавыя жываты пачынаюць расці практычна на другім тыдні, агульны стан здароўя пагаршаецца, пачынаюць хварэць прастуднымі захворваннямі. Раніцай адчыняецца фортка і лекар жменямі раздае таблеткі.

Праз перапоўненасць СІЗА шпацыры, калі можна гэта так назваць, былі не больш за гадзіну. А заняткі спортам расцэньваюцца як падрыхтоўка да ўцёкаў.

Нарадзіць першую дачку ўдома натхніла Сусветная арганізацыя аховы здароўя

Ключ – у рэкамендацыях Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, гэта ў першую чаргу. Не рэлігійныя перакананні. Я не належу ні да якой рэлігійнай канфесіі, хаця ў свой час вывучыла іх усе і паважліва стаўлюся да ўсіх, але далучыцца і выконваць вонкавыя нейкія рытуалы не гатовая. Гэта рэкамендацыі СААЗ, медыкаў, якія кажуць пра тое, што цяжарная жанчына павінна нараджаць у камфортных для яе ўмовах. У якім плане? Яна не павінна баяцца, яна не павінна адчуваць боль, яна не павінна адчуваць страх.

Самая вялікая памылка – рашэнне прыехаць нараджаць у гэту «мілую» краіну

Я б хацела ўсё вярнуць назад з моманту, калі я вырашыла прыехаць да мамы, каб палегчыць сабе жыццё ў выхаванні старэйшага дзіцяці. Трэба было прыслухацца да мужа, які казаў, што лепш паехаць у Піцер і правесці гэты час са свякрухай. Там знаёмыя лекары, там ёсць уся матэрыяльна-тэхнічная база для абследавання. Таму што правесці ў Беларусі цалкам комплекснае абследаванне для выяўлення паталогіі немагчыма. Прынамсі ў Віцебску. Гэта я вам магу сказаць цяпер з упэўненасцю.

Крысціна Авакумава, belsat.eu

Стужка навінаў