Прыхільнікі «Віленскай Народнай Рэспублікі» пішуць пра пераслед беларусаў


За некалькі дзён група «Wileńska Republika LudowaВиленская Народная Республика», якая распаўсюджвае сепаратысцкія настроі ў Літве, набрала ў «Фэйсбуку» больш за 1200 падпісантаў.

Чалец парламенцкай фракцыі «Саюз айчыны-Хрысціянскія дэмакраты Літвы» Арвідас Анушаўскас звярнуўся ў Генеральную пракуратуру Літвы з просьбай расследаваць, хто ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» стварыў старонку на польскай мове «Wileńska Republika LudowaВиленская Народная Республика».

«Нягледзячы на тое, што гэта назвалі правакацыяй, да гэтага часу пракуратура не распачала ніякага расследавання. Паколькі канстытуцыйныя каштоўнасці – суверэнітэт рэспублікі і тэрытарыяльная цэласнасць – трэба абараняць ад любых выпадаў, я звяртаюся ў Генпракуратуру з просьбай расследаваць, выявіць ініцыятараў», – цытуе прэс-рэліз літоўскага дэпутата delfi.lt.

На думку спадара Анушаўскаса, «Генпракуратура, абараняючы канстытуцыйныя каштоўнасці, павінна неадкладна рэагаваць, каб не было ілюзіі беспакаранасці».

Паводле яго слоў, нягледзячы на відавочны почырк расейскіх спецслужбаў (такія ж ідэі трансляваліся 25 гадоў таму), гэта не азначае, што падобныя выпадкі не трэба расследаваць.

«Мы – не «расейцы», не «правакацыя Пуціна» і гэтак далей, – пішуць стваральнікі суполкі. – Мы – польскія патрыёты, і, як такія, адказваем за супрацу палякаў, расейцаў і беларусаў у Літве з мэтаю вызвалення з-пад ярма шавіністычнага, жмудзінскага ўраду, які дыскрымінуе і пераследуе ўсе гэтыя меншасці».

Мадэратары суполкі падкрэсліваюць, што назва «Народная», якую яны выкарыстоўваюць, – гэта аднясенне да гэтак званых Народных Рэспублік Данецку і Луганску. «Сітуацыя ў віленскім рэгіёне падобная да той, што на Данбасе да вайны, і мы не маем намеру ігнараваць гэтую аналогію», – пішуць стваральнікі групы. Яны просяць інтэрнаўтаў не кантактаваць з імі непасрэдна, а раяць весці дзейнасць, якая не падпадае пад артыкулы Крымінальнага кодэксу, напрыклад, пісаць на сценах: «Віленская Народнай Рэспубліка прыйдзе!».

«Пачаткі заўсёды сціплыя, а першыя крокі – найцяжэйшыя», – пішуць стваральнікі групы.

«Нашая крыніца, які пажадала застацца неназванай, паведаміла, што праект – гэта не толькі віртуальная правакацыя, колькасць яго рэальных паслядоўнікаў расце, – пісаў радыкальна-правы польскі сайт xportal.pl, галоўны рэдактар якога Барташ Бэкер наведаў летась сепаратыстаў на Данбасе. – Паводле той жа крыніцы, планы стварыць «Віленскую Народную Рэспубліку» штораз больш падтрымліваюць дыскрымінаваныя расейцы і беларусы».

Літоўскія медыі і польскія дзеячы ў Літве назвалі дзейнасць групы «таннай правакацыяй» і «распальваннем нацыянальнай нянавісці». «Гэтыя асобы павінны добра падумаць, да чаго яны імкнуцца. Мне гэта нагадвае толькі страўліванне людзей», – цытуе словы сакратара Саюзу палякаў Літвы Эдварда Трусэвіча польская «Gazeta Wyborcza».

МЯ, паводле delfi.lt, wyborcza.pl

Стужка навінаў