Прыхільнікі «Ісламскай дзяржавы» напалі на паліцыянтаў у Грозным


У ноч на 18 снежня ў сталіцы Чачэніі здарылася ўзброенае сутыкненне – некалькі зламыснікаў захапілі паліцэйскую машыну, паспрабавалі ўварвацца ў дом працаўніка праваахоўных органаў, а потым зладзілі перастрэлку з паліцыяй на адной з цэнтральных вуліц.

Позна вечарам 17 снежня выданне «Кавказский узел» паведаміла аб перастрэлцы ў цэнтры Грознага. Мясцовыя жыхары паведамлялі, што «па сетках ідзе рассылка – не выходзіць на вуліцы». Крыху раней выданне паведаміла, што ў адным з раёнаў гораду шасцёра мясцовых жыхароў напалі на дом паліцыянта, «пагражалі забойствам ягонай сямʼі, забралі ў яго зброю і ўцяклі».

Кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў заявіў, што ў горадзе ліквідаваная бандыцкая група. Паводле яго, у ноч на 18 снежня група ўзброеных людзей напала на паліцэйскую машыну і завалодала ёй, а потым пранікла ў дом працаўніка паліцыі, але, не знайшоўшы яго там, знікла. Праваахоўнікі перакрылі некалькі цэнтральных вуліц гораду і паспрабавалі затрымаць зламыснікаў, але тыя збілі прадстаўніка дарожна-патрульнай службы і пачалі стральбу. Па словах Кадырава, нападнікі былі нейтралізаваныя: у выніку перастрэлкі чацвёра нападнікаў былі забітыя, яшчэ двое параненыя. Аб іншых удзельніках нападу кіраўнік Чачэніі не паведаміў. Ахвяр сярод паліцыянтаў і мірнага насельніцтва, па словах Кадырава, няма.

Кадыраў распавёў, што з нападнікамі была дзяўчына. Па словах крыніцы «РИА Новости», гэтая дзяўчына – Мадзіна Шахбіева, якой у лякарні ампутавалі нагу.

Пра тое, як улады Чачэніі і праваахоўныя органы кваліфікуюць тое, што адбылося, пакуль невядома. Аб узбуджэнні крымінальнай справы не паведамлялася.

У інтэрнэт патрапілі відэа перастрэлкі, знятыя відавочцамі. На іх відаць, як людзі з паліцэйскай машыны страляюць у людзей, якія знаходзяцца ў іншым аўтамабілі.

Пасля абʼявы аб завяршэнні паліцэйскай аперацыі жыхары Грознага паведамілі аб працягу стральбы ў іншых частках гораду. Афіцыйных пацверджанняў гэтай інфармацыі не было.

Названы імёны траіх загінулых удзельнікаў нападу. Крыніца ў чачэнскіх праваахоўных органах паведаміла «Кавказскому узлу», што іх завуць Іслам Альтэміраў, Сайд-Ібрагім Ісмаілаў і Магамед Ільясаў, і ўсе яны былі мясцовымі жыхарамі. Крыніцы выдання ў Грозным таксама паведамляюць, што цяпер сілавікі затрымліваюць сваякоў забітых нападнікаў, і іх «чакаюць вялікія непрыемнасці». Са словаў жыхара Грознага, «ноччу сярод паліцыянтаў была самая сапраўдная паніка», а «цяпер у іх там поўны аўрал».

Паліцыя шукае некалькіх падазраваных. Па словах крыніцы ТАСС у праваахоўных органах, чачэнская паліцыя шукае траіх удзельнікаў нападу: ім ад 18 да 20 гадоў, і яны ўваходзяць у склад ячэйкі тэрарыстычнай арганізацыі «Ісламская дзяржава». «Кавказский узел» паведамляе пра вышук дваіх чалавек – брат аднаго з іх, Саід Мажаеў, ваяваў у Сірыі, потым вярнуўся ў Чачэнію і адсядзеў восем месяцаў. Яго вызваліў Вярхоўны суд Чачэніі.

Паводле «Лайф», баевікоў было больш за шэсць: выданне піша пра траіх забітых нападнікаў, чатырох шпіталізаваных і яшчэ аб траіх абвешчаных у вышук. Крыніца выдання ў праваахоўных органах распавяла, што мэтай групоўкі, удзельнікі якой прысягнулі на вернасць «Ісламскай дзяржаве», была арганізацыя тэрактаў на тэрыторыі Чачэніі і Паўночнага Каўказу.

Гэта не першы выпадак перастрэлкі з паліцыяй у Грозным у мірны час. Два гады назад, 4 снежня 2014 года, баевікі захапілі мясцовы Дом друку; узброенае сутыкненне з чачэнскімі сілавікамі ішло некалькі гадзін, і для ліквідацыі нападнікаў давялося выкарыстоўваць гранатамёты і БТР. Менш гучныя сутыкненні з паліцыяй адбываюцца ў Грозным рэгулярна.

МЯ, паводле meduza.io

Стужка навінаў