Прыхільніка Лукашэнкі аштрафавалі на € 3000 за нацысцкае вітанне ў Еўрапарламенце


Прэзуідыўм Еўрапарламенту адзінагалосна зацвердзіў штраф для польскага еўрадэпутата Януша Корвіна-Міке. Палітыка таксама адхілілі на 10 дзён ад удзелу ва ўсіх мерапрыемствах Еўрапейскага парламенту. Гэта пакаранне за тое, што Корвін-Міке падняў руку ў нацысцкім вітанні падчас свайго выступу, ды абразіў мігрантаў.

«Адзіны Райх, адзіны Народ, адзіны білет», – выгукнуў Корвін-Міке падчас дыскусіі аб адзіным узоры білетаў на міжгародні транспарт для краінаў ЕЗ у жніўні. Гэтыя словы ён «узмацніў» жэстам нацысцкага вітання. Акрамя таго, падчас дэбатаў у Еўрапарламенце 8 верасня ён назваў мігрантаў «чалавечым смеццем”.

Еўрадэпутат Януш Корвін-Міке вядомы сваймі папулістычнымі і адначасова радыкальнымі поглядамі. «Польскі Жырыноўскі» з’яўляецца таксама прыхільнікам палітыкі Аляксандра Лукашэнкі. «Хто спрабуе зрынуць Аляксандра Лукашэнку – той хоча пабачыць расейскія танкі ў Горадні», – заявіў польскі палітык падчас супольнай канферэнцыі з прадстаўнікамі беларускай амбасады, а праваабаронцу Алеся Бяляцкага назваў агентам польскай выведкі.

МЛ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары