«Прыехалі здымаць прапаганду»: Латвія супраць расейскага серыялу


Zrzut ekranu 2016-08-9 o 20.51.32

Кулдыга

Самакіраванне Кулдыгскага краю (Латвія) не падтрымае здымкі расейскага серыялу ў Кулдызе і яе ваколіцах, бо Паліцыя бяспекі (ПБ) папярэдзіла самакіраванне пра магчымую антылатвійскую прапаганду ў кінастужцы.

Здымкі эпізодаў расейскага тэлесерыялу «Парад-алле» у Кулдызе і ваколіцах, што на захадзе Латвіі, планаваліся з 4 па 30 жніўня. Дзеянне серыялу адбываецца летам 1941 года ў маленькім гарадку, куды прыехаў цырк з Расеі. Пачынаецца вайна, але артысты цырку вымушаныя працягваць выступы.

Сцэнар стужкі прыцягнуў увагу ПБ, якая ў лісце кіраўніку самакіравання Кулдыгі адзначае:

«Здымкі гэтага фільму не спрыяюць праўдзіваму адлюстраванню гістарычных падзеяў, а ствараюць і распаўсюджваюць выгадныя для расейскай палітыкі абагульненні аб узаемаадносінах жыхароў Латвіі і іх дзеяннях падчас Другой сусветнай вайны».

Як адзначыла старшыня Кулдыгскай краёвай думы Інга Берзіня, у самакіравання няма такіх інструментаў, каб забараніць здымаць фільм у грамадскіх месцах, але яно, напрыклад, не дазволіць стваральнікам серыялу здымаць у Кулдыгскім краёвым музеі.

Серыял на замову расейскага Першага каналу здымае ТАА «Westline Production», якое было зарэгістраванае два месяцы таму і належыць двум грамадзянам Расеі.

НМ, belsat.eu, паводле Delfi.lv, фотаздымак flickr.com

Стужка навінаў