Прыднястроўе хоча ў Расею. Чаму цяпер?


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://www.youtube.com/watch?v=ykItpTafDCM&feature=youtu.be”][vc_column_text]Адначасова з падтрыманнем ПМР Масква спрашчае працэдуру атрымання грамадзянства для рускамоўных жыхароў балтыйскіх краінаў. Што адбываецца?

Прэзідэнт Прыднястроўскай Малдаўскай рэспублікі Яўген Шаўчук загадаў прывесці прававую сістэму самаабвешчанай дзяржавы ў адпаведнасць з расейскім заканадаўствам. Урад ПМР ужо ў наступным тыдні мае стварыць спецыяльную камісію, а да 1 лістапада на стале прыднястроўскага лідара павінен ляжаць дакладны план сінхранізацыі заканадаўства.

Рэферэндум аб далучэнні да Расейскай Федэрацыі адбыўся яшчэ 17 верасня 2006 года. Тады, паводле афіцыйных звестак, ідэю гэту падтрымала больш за 98 % жыхароў. У сваю чаргу, на пытанне аб уваходжанні ў склад Малдовы станоўча адказала толькі 3,4 % прыднястроўцаў.

Развіццё сітуацыі ў Ціраспалі непакоіць сёння таксама ўкраінцаў. Планы стварэння калідору, які спалучыў бы Прыднястроўе, Крым і Данбас не раз агучвалі расейскія палітыкі.

«З аднаго боку, гэта дае магчымасць Расеі адкрыта выкарыстоўваць тэрыторыю Прыднястроўя для дэстабілізацыі ўсходняй і паўднёвай Украіны, а з іншага боку, гэта разгойдвае будучыню самой Малдовы на шляху да абʼяднання з Еўрапейскім звязам», – лічыць анаталітык «Chatam House» Арыся Луцэвіч.

Расейскія палітыкі наўпрост кажуць, што будучыня Прыднястроўя залежыць ад вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Малдове якія адбудуцца ўжо напрыканцы кастрычніка.

«Гэта пасыл Малдове: калі вы не абярэце прэзідэнта, які будзе гатовы абʼяднаць краіну на ўмовах федэрацыі, то Прыднястроўе можа махнуць хвастом і адыйсці ў Расею», – кажа Алег Пахолкаў, дэпутат Дзяржаўнай думы Расеі.

На працягу апошніх сямі гадоў Малдавіяй кіруе праеўрапейская кааліцыя. З таго часу краіна падпісала пагадненне аб асацыяцыі з Еўразвязам і атрымала бязвізавы ўезд у краіны аб’яднанай Еўропы. Аднак на працягу апошняга году там змяніліся тры кіраўнікі ўраду. Яшчэ нядаўна ў Малдове не сціхалі пратэсты, падчас якіх людзі дамагаліся адстаўкі прэм’ера і прэзідэнта, а таксама датэрміновых выбараў. Адзін з галоўных фаварытаў прэзідэнцкіх выбараў Ігар Дадон – лідар Партыі сацыялістаў, якая перамагла на папярэдніх парламенцкіх выбарах, але не здолела атрымаць большасці.

«Ідэя еўраінтэграцыі дала задні ход: яе падтрымлівае ўрад, але падтрыманне гэтае не вельмі моцнае. Малдаўскае грамадства падзеленае, а Еўропа займаецца іншымі праблемамі. Можна сказаць, што ўзмацняюцца прарасейскія тэндэнцыі», – кажа кішынёўскі палітолаг Карнэл Кюрэа.

Прыднястроўе абвясціла незалежнасць у пачатку 1990-х. Расея аказвае непрызнанай рэспубліцы эканамічную дапамогу каля $ 1 млрд. У той жа час прыналежнасці гэтай тэрыторыі да Малдовы Расея да гэтага часу афіцыйна не аспрэчвала.

Адначасова ў Прыднястроўі па сённяшні дзень знаходзіцца расейская вайсковая база, якая ўтварылася з 14-й савецкай арміі. Афіцыйна расейскія жаўнеры выконваюць там ролю «міратворцаў».

За сітуацыяй у Кішынёве і Ціраспалі, дзе таксама неўзабаве адбудуцца прэзідэнцкія выбары, пільна сочаць у суседняй Румыніі.

Развіццё сітуацыі ў гэтым рэгіёне – нядаўнія вайсковыя вучэнні, «гульня цягліцамі», так бы мовіць, якія там адбываюцца, – непакояць шмат каго цяпер. І ўсё ж заявы, якія робіць, і рашэнні, што прымае спадар Шаўчук, трэба, на маю думку, звязваць найперш з гэтак званымі выбарамі, якія неўзабаве адбудуцца ў Прыднястроўі», – кажа румынскі палітолаг Паўль Іван з брусельскага «European Policy Center».

У балтыйскіх краінах расейскіх міратворцаў няма, але гэта не азначае, што ў Латвіі ці Эстоніі не могуць з’явіцца «зялёныя чалавечкі». Там на сёння жыве каля 350 тыс. расейскіх «неграмадзянаў». Ужо больш за 90 тыс. жыхароў Эстоніі атрымала расейскія пашпарты. Некалькі дзён таму кіраўнік расейскага ўраду загадаў лібералізаваць працэдуру атрымання расейскага грамадзянства для расейцаў з Прыбалтыкі і краінаў СНД.

«Фактычна распачынаецца яшчэ адзін Крым. Расейскае кіраўніцтва, урад РФ, не маючы легальных спосабаў «пранікаць» на тэрыторыі краінаў-чальцоў ЕЗ і ўмешвацца ва ўнутраныя справы суверэнных еўрапейскіх дзяржаваў, пачынаюць гэта рабіць хітра і нелегальна: так бы мовіць, на сацыяльнай глебе, працуючы наўпрост з «чалавечым матэрыялам». З тым, каб урэшце мець магчымасць аказваць уплыў на рашэнні, якія прымаюцца ў Еўропе. І такім чынам Расея, думаю, на жаль, дасягне сваіх мэтаў», – заяўляе Хусэйн Вайлі з агенцтва «Compay».

Акрамя пашпартызацыі балтыйскіх краінаў Дзмітрый Мядзведзеў абяцае павялічыць падтрыманне расейцаў за мяжой «усімі магчымымі спосабамі». Рэалізацыя імперскіх амбіцыяў для кіраўніцтва Расеі мае большае значэнне чым заробкі расейскіх настаўнікаў ці пенсіянераў, якім Дзмітрый Мядзведзеў нядаўна казаў аб тым, што Расея на гэта не мае грошаў.

Руслан Шошын, журналіст “Rzeczpospolita” для «Белсату»

Упершыню рэпартаж выйшаў 16 верасня ў міжнародным тыднёвіку «ПраСвет». Глядзіце выданне цалкам.

Стужка навінаў