«Прычынаў для хваляванняў няма». Над хімічным заводам у Горадні чакаецца вогненная «паходня»


Прэс-служба прадпрыемства «Горадня Азот» папярэджвае, што на пачатку лістапада над хімічным заводам можна будзе назіраць вогненную зарніцу. Гэта «адна з аперацый пуску цэха» – папярэджваюць на заводзе і заклікаюць гараджанаў не хвалявацца.

Год таму падобную зʼяву назіралі жыхары ваколіцаў заводу, паведамляе гарадзенскі сайт s13.ru. Акурат тады запускалі цэх «Аміяк-4». Сёлета пасля рамонту маюць запусціць цэх «Аміяк-3».

«Адной з аперацый запуску цэху зʼяўляецца распальванне “паходні”, – паведамляе прэс-служба заводу. – Гэта неабходна пры правядзенні пускавых аперацыяў і прадугледжана тэхналагічнаю схемаю і тэхрэгламентам цэху. Гарэць “паходня” паводле тэхналогіі можа ля сямі содняў, ніякай пагрозы ні гораду, ні экалогіі няма».

МЛ, belsat.eu

Фота s13.ru

Стужка навінаў