«Проста хацеў узбадзёрыць». Камандзіры Коржыча, якіх судзяць за злоўжыванне ўладаю, прызналі сваю віну


Сёння падчас паседжання ў судзе Менскага раёну прапаршчык Артур Вірбал і лейтэнант Павел Сукавенка, якія былі камандзірамі ў роце, дзе загінуў Коржыч, у апошнім слове цалкам прызналі сваю віну.

Абодва папрасілі суд прызначыць пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі.

«Я прызнаю сваю віну ў злачынстве, каюся, але мэты прынізіць або прынесці маральныя пакуты я не ставіў. Усе пацярпелыя, якія выступалі на судзе, казалі, што не адчувалі ніякага ціску і не лічаць сябе пацярпелымі. Я прашу ўлічыць гэта пры выстаўленні прысуду», – сказаў Сукавенка.

«Прашу не караць сувора, бо я здольны прынесці карысць грамадству і сваёй сям’і», – дадаў ён.

Лейтэнант Павел Сукавенка. Фота «Белсат», Ірына Арахоўская

Прапаршчык Вірбал таксама прызнаў віну «ў поўным аб’ёме» і прынёс прабачэнні пацярпелым «за любую нанесеную шкоду».

«Я цалкам згодны з абвінавачаннем, цалкам прызнаю сваю віну і чыстасардэчна каюся. Таксама абвінавачанне мяркуе, што я нанёс пацярпелым фізічны боль, маральныя пакуты і прыніжэнне. Але і падчас следчых дзеянняў, і на мінулых судовых паседжаннях пацярпелыя сцвярджалі, што гэта не было прыніжэннем, не нанёс я ім болю ды пакутаў. Правільна, гэта не выглядала, як прыніжэнне. Проста хацелася неяк узбадзёрыць, настроіць на працоўны лад, каб ведалі і разумелі, што заданні, якія мы ставім, мусяць выконвацца. Узнікалі моманты, калі пэўныя заданні ігнараваліся, не хацелі іх выконваць, знаходзілі адмазкі», – сказаў Вірбал.

«Праз год я разумею, што рабіў няправільна. Трэба было дзеяць па-іншаму – праводзіць размовы, выстаўляць у нарады…»

Прапаршчык Артур Вірбал. Фота «Белсат», Ірына Арахоўская
На судзе бальшыня пацярпелых заявілі, што не маюць прэтэнзіяў да падсудных. Фота «Белсат», Ірына Арахоўская

Вірбал заявіў, што ў эпізодах, звязаных са злоўжываннем уладаю, насамрэч «не хацеў нейкім чынам падняць свой аўтарытэт або зрэалізаваць амбіцыі».

Прапаршчык дадаў, што мае намер «працаўладкавацца і прыносіць карысць сям’і», таму просіць не накіроўваць яго ў месцы пазбаўлення волі.

Прысуд у справе агучаць а 14:30 19 кастрычніка.

Прысуд у справе агучаць а 14:30 19 кастрычніка. Фота «Белсат», Ірына Арахоўская
  • Прапаршчык Артур Вірбал і лейтэнант Павел Сукавенка былі камандзірамі ў роце, дзе загінуў Аляксандр Коржыч: іх вінавацяць ва «злоўжыванні ўладаю» (ч. 1 і 2 арт. 455 КК), аднак следства не лічыць, што яны датычныя смерці жаўнера. Вірбал і Сукавенка ў якасці пакарання прымушалі вайскоўцаў адціскацца ды білі іх. Паводле дзяржаўнага абвінаваўцы, прапаршчык і лейтэнант рабілі гэта з «жадання самазацвердзіцца» ды «падняць свой аўтарытэт як начальнікаў». Акрамя таго, афіцэр рэгулярна прымушаў жаўнераў за ўласны кошт набываць яму цыгарэты і харчы, вымагаў у сяржанта грошы за карыстанне мабільным тэлефонам, а таксама краў сродкі з грашовага забеспячэння жаўнераў – звычайна ад некалькіх дзясяткаў капеек да 1,5 рубля з кожнага заробку. Агулам Сукавенка прысвоіў каля 245 рублёў, сцвярджае абвінавачанне.
Фота «Белсат», Ірына Арахоўская
  • Дзяржаўны абвінаваўца Вадзім Лалуа патрабуе суд пакараць прапаршчыка Артура Вірбала чатырма, а лейтэнанта Паўла Сукавенку – шасцю гадамі пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Адвакаты просяць суд прызначыць сваім падабаронным пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі.
  • На судзе бальшыня пацярпелых заявілі, што не маюць прэтэнзіяў да падсудных і прасілі строга не караць Вірбала ды Сукавенку. Пацярпелымі ў справе праходзяць сямёра сяржантаў, пяцёра з якіх цяпер пад вартаю. Сярод іх – сяржанты Яўген Бараноўскі, Ягор Скуратовіч і Антон Вяжэвіч, паводле следства, іхныя дзеянні прывялі да смерці Аляксандра Коржыча. Суд над імі праходзіць паралельна.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў