Продаж бел-чырвона-белага сцяга – патрыятызм, бізнес ці здзек?

video

Да беларушчыны людзі далучаюцца па-рознаму, у тым ліку праз рэчы, што нас атачаюць. Узнікае, аднак, пытанне, ці не робіцца гэта нейкаю моднаю справаю без змены светапогляду: наляпіў налепку ці апрануў вышыванку і ты ўжо ў трэндзе?

Грамадскі актывіст Алесь Таўстыка мяркуе, што рэчы з беларускім арнаментам сведчаць пра іх гаспадара як пра чалавека, які хоча вызначыцца.

«Чалавек, магчыма, баіцца выкарыстаць нацыянальныя сімвалы, бо за гэта могуць пабіць, зламаць аўто. Тады ён вызначаецца іншым сімвалам, які не забаронены, які ўжываўся доўгі час і якім ганарыліся. Але гэтыя сімвалы не ствараліся ў пачатку нейкага шляху, гэтыя сімвалы існавалі здаўна», – адзначыў спадар Таўстыка.

Намеснік старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі-БНФ Юрась Беленькі падкрэсліў, што беларусы яшчэ на шляху стварэння свайго нацыянальнага іміджу. «Нацыя адчувае, што трэба за сваё змагацца, трэба, каб была Пагоня, нашая нацыянальная сімволіка і нацыянальная ідэнтыфікацыя», – заўважыў дзеяч.

Філосаф і публіцыст Уладзімір Падгол пачуў ад праваслаўных святароў, што часта на старажытных іконах адлюстроўвалі Хрыста з бел-чырвона-белым сцягам.

«Белы колер азначае чысціню Хрыстовай душы, а чырвоны колер – кроў, пралітую за грахі людзей, – заўважыў спадар Падгол. – Хрыстос выганяў гандляроў са святыні. А мы што робім – прадаем чысціню яго душы за грошы?»

Эксперт «Ліберальнага клубу» Вадзім Мажэйка мяркуе, што словы, нібыта камерцыя не можа спалучацца з нацыянальнай сімволікай, – гэта праява маргінальнасці, у якую беларушчыну імкнуцца загнаць, ды савеччына, у якой камерцыя лічылася заўсёды нечым дрэнным.

«Калі мы хочам, каб нацыянальная самасвядомасць выходзіла за межы гістарычных клубаў і сядзібы БНФ, мы павінны разумець, што беларушчына мусіць быць сучаснай, мусіць быць у выглядзе бізнесу, мусіць быць у модных клубах. І гэта нармальна, калі прыйду ў начны клуб у вышыванцы і гэта будзе модна, і гэта будзе сучасна. Калі мы кажам: «Ах, як так можна? Трэба, каб гэта захавалася ці толькі на іконах, ці толькі ў сядзібе БНФ», то гэта значыць, што мы самі беларушчыну будзем хаваць. Таму ўсе спробы камерцыялізацыі – гэта цалкам нармальна, гэта сучасна, і акурат гэта можа дапамагчы распаўсюдзіць беларушчыну ў грамадстве», – падкрэсліў спадар Мажэйка.

Больш – у відэаматэрыяле.

МЯ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары