Міклаш Хараcці «Белсату»: Верагодная прычына прыпынення санкцый – пазіцыя Лукашэнкі па Крыме і Данбасе


Спецдакладчык ААН па Беларусі лічыць, што прыпыненне санкцый у дачыненні да шэрагу грамадзянаў і прадпрыемстваў Беларусі звязана з «адносна незалежнай» пазіцыяй Лукашэнкі ў пытаннях анексіі Крыма і супрацьстаяння на Данбасе. Міклаш Харасці ў эксклюзіўным інтэрвю belsat.eu каментуе пацяпленне ў адносінах паміж Менскам і Захадам.

На нядаўнім пасяджэнні Генасамблеі ААН спецыяльны спавяшчальнік па правах чалавека ў Беларусі Міклаш Харасці выступіў з дакладам. Перш за ўсё ён згадаў прысуджэнне Нобелеўскай прэміі Святлане Алексіевіч, а ўжо пасля гэтага – прэзідэнцкія выбары, якія можна было пахваліць «за адсутнасць гвалту над апазіцыяй». Харасці падкрэсліў: рэпрэсіі ў дачыненні да чалавечых правоў і свабоды самавыяўлення не спыніліся.

«Адзіная добрая навіна заключаецца ў тым, што напярэдадні так званых выбараў палітычныя зняволеныя былі вызваленыя, і тое, што ўлады не ўжывалі гвалту падчас выбараў. Але сітуацыя з правамі чалавека абсалютна не змянілася – яна ўсё яшчэ патрабуе рэфармавання, як гэта і трэба цягам дзесяцігоддзяў», – лічыць Харасці.

Уся справа ў геапалітыцы?

Прыпыненне санкцый у дачыненні да афіцыйнага Менску Міклаш Харасці звязвае з пазіцыяй Беларусі ў сітуацыі з анексіяй Крыму і вайной на Данбасе.

«Нават калі фармальнай нагодаю для прыпынення санкцый стала вызваленне зняволеных, мне здаецца, што трэба адрозніваць геапалітыку і правы чалавека, а прыпыненне санкцый – геапалітычны крок. Я бачу гэта так таму, што мне здаецца, што была ўлічаная адносна незалежная пазіцыя прэзідэнта Лукашэнкі ў адносінах да расейскай анэксіі Крыма і аналагічным працэсам ва Ўсходняй Украіне, – падкрэсліў Харасці у інтэрвю «Белсату».

–Дыпламатыя павінна служыць геапалітычнай стабільнасці, але яна ніколі не павінна падпарадкоўвацца ўласнай формуле стабільнасці прэзідэнта Лукашэнкі, заснаванай на ўціску грамадзянскіх і палітычных свабодаў.

Чатыры гады таму санкцыі былі вельмі дакладнымі, каб пазбегнуць нанясення шкоды людзям, таму іх прыпыненне сёння таксама павінна служыць народу Рэспублікі Беларусь, а не «самадзяржаўю».

20 гадоў без прагрэсу

Міжнародныя арганізацыі на чале з ААН і заходнія краіны ўжо 20 гадоў назіраюць за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, уводзяць санкцыі, але сітуацыя ніяк не паляпшаецца, а то і становіцца горш. І цяперашняе прыпыненне дзеяння санкцый – гэта не індульгенцыя для Менску:

«Урад павінен выконваць свае міжнародныя абавязкі ў галіне правоў чалавека, чаго сапраўды, патрабуюць ад Менску апошнія 20 гадоў. Сітуацыя ў галіне правоў чалавека павінна заставацца пад пільным наглядам, варта падтрымліваць і міжнародную дапамогу прыгнечаным СМІ і грамадзянскай супольнасці», – лічыць Харасці.

Гутарыў Яўген Балінскі, belsat.eu

Стужка навінаў