Прэзідэнта Венесуэлы спрабавалі забіць з дапамогай дрона


Падчас суботняга выступу кіраўніка краіны на парадзе з нагоды 81-й гадавіны стварэння нацыянальнай гвардыі Венесуэлы яго паспрабаваў атакаваць прынамсі адзін беспілотнік з выбухоўкаю.

Парад у Каракасе мясцовае тэлебачанне паказвала ў наўпроставым эфіры. На кадрах бачна, як у пэўны момант жонка і ваенныя чыноўнікі спалохана глядзяць уверх, а Мадура спыняе прамову (у гэты момант ён казаў пра венесуэльскую гаспадарку).

Пасля на кадрах тэлетрансляцыі з’яўляецца агульны план плошчы, на якой стаіць войска. Праз некалькі секундаў вайскоўцы пачынаюць разбягацца.

«Гэта была спроба забойства, яны спрабавалі забіць мяне», – заявіў пазней Мадура у тэлезвароце.

Мадура абвінаваціў у замаху на ягонае жыццё прэзідэнта Калумбіі Хуана Мануэля Сантаса, але не прадставіў ніякіх доказаў гэтага.

Урад Калумбіі назваў абвінавачванні «абсурдам».

Прадстаўнік спецслужбаў Венесуэлы збірае доказы выбуху беспілотніка на адным з дахаў. Міністр інфармацыі Хорхе Радрыгес пацвердзіў, што на Нікаласа Мадура быў здзейснены напад з дапамогай «беспілотнікаў з выбуховымі рэчывамі», і што кіраўнік краіны не пацярпеў у выніку інцыдэнту. 4 жніўня 2018 года. Каракас, Венсуэла. Фота – Miguel Gutiérrez/EFE/Forum

Адказ за напад узяла на сябе малавядомая група пад назвай «Нацыянальны рух жаўнераў у цішотках».

«Нацыянальны рух жаўнераў у цішотках», паводле яго чальцоў, паўстаў у 2014-м, каб «аб’яднаць усе групы супраціву» у краіне.

У паведамленнях у сацыяльных сетках група заявіла, што планавала запусціць два коптэры, якія пазней былі збітыя снайперамі.

«Мы паказалі, што яны прыступныя для нападаў, – заявіла суполка. – Нам не ўдалося сёння, але гэта толькі пытанне часу».

Ні на адзін запыт ад журналістаў удзельнікі групы не адказалі.

Мадура – прэзідэнт Венесуэлы з красавіка 2013 года. Сёлета ў траўні ён перамог у другі раз і распачаў новы шасцігадовы тэрмін. Ягоныя супернікі заяўлялі пра масавыя парушэнні падчас выбараў.

Ужо пяты год запар Венесуэла пакутуе ад цяжкага эканамічнага крызісу, які суправаджаецца дэфіцытам харчоў, гіперінфляцыяй і масавай эміграцыяй людзей.

ДД

Стужка навінаў