Прэзідэнт Зімбабвэ пагражае выхадам краінаў Афрыкі з ААН


Калі не будзе праведзеная тэрміновая рэформа Рады бяспекі, якая пашырыць прадстаўніцтва і права афрыканскіх краінаў, то афрыканскія дзяржавы выйдуць з ААН, заявіў кіраўнік Зімбабвэ Роберт Мугабэ.

Зімбабвійскі лідар паабяцаў стварыць сваю арганізацыю разам з Расеяй, Кітаем, Індыяй ды іншымі дзяржавамі ў процівагу Захаду.

«Не ўсе пастаянныя члены Рады бяспекі займаюць жорсткую пазіцыю. Гэта робяць Вялікая Брытанія, Францыя і Амерыка. Калі яны будуць супраціўляцца, то няхай не скардзяцца, калі мы створым сваю ўласную арганізацыю. Мы маем намер зрабіць гэта ў наступным верасні (падчас чарговай Генасамблеі ААН)», – заявіў 92-гадовы Мугабэ, вядомы сваім крытычным стаўленнем да заходніх краінаў.

З 2005 года афрыканскія краіны патрабуюць даць ім два месцы пастаянных членаў у Радзе бяспекі.

Сёлета ў студзені падчас саміту Афрыканскага саюзу (АС) зімбабвійскі лідар заявіў генеральнаму сакратару ААН Пан Гі Муну, што не бачыць сэнсу ездзіць на генасамблеі.

«Кожны верасень мы прыязджаем на цырыманіяльную Генеральную Асамблею ААН, выдаткоўваем на гэта вялікія грошы, выступаем з прамовамі і едзем дадому. А амерыканскія і еўрапейскія босы ўсё вырашаюць у Радзе бяспекі», – заявіў Мугабэ, які тады займаў пасаду старшыні АС.

Роберт Мугабэ быў абраны прэзідэнтам Зімбабвэ ў 1987 годзе.

Фота: politrussia.com

ЮВ, belsat.eu, паводле ТАСС

Стужка навінаў