Прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура прыляціць у Менск і адкрые помнік Балівару


5 кастрычніка кіраўнік Венесуэлы возьме ўдзел у адкрыцці помніка Сімону Балівару (змагар за незалежнасць Лацінскай Амерыкі ад Іспаніі) ў аднайменным менскім скверы.

Пра візіт Мадуры ў Менск дзяржаўнаму агенцтву belta.by паведамілі ў амбасадзе Венесуэлы.

На сайце кіраўніка Беларусі не паведамляецца пра сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі і Нікаласа Мадуры.

4 кастрычніка Мадура мае сустрэцца з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным, паведамляе ria.ru, спасылаючыся на дыпламатычныя крыніцы.

Імаверна, што на сустрэчы будзе абмяркоўвацца пытанне рэструктурызацыі расейскага крэдыту. Венесуэла працяглы час знаходзіцца ў стане глыбокага фінансавага крызісу. Каракас мае праблемы з выплатай крэдытаў.

Афіцыйныя Менск і Каракас падтрымліваюць перадусім палітычныя стасункі, эканамічная супраца Беларусі і Венесуэлы так і не прынесла чаканых вынікаў. Праект па дастаўцы на айчынныя НПЗ венесуэльскай нафты ад самага пачатку эканамісты крытыкавалі за стратнасць, а афіцыйныя бакі ніколі не каментавалі, колькі ж каштавала Менску венесуэльская нафта.

Таксама шэраг будаўнічых праектаў беларусаў у Венесуэле быў згорнуты пасля таго, як лацінаамерыканская краіна сутыкнулася з глыбокім эканамічным крызісам. Ад пачатку года ў Венесуэле працягваюцца антыўрадавыя пратэсты. У іх загінулі не менш за 125 чалавек, у турмах па палітычных матывах утрымліваюцца больш за паўтысячы асобаў.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў