Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган паабяцаў наведаць Беларусь


Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы ў Стамбуле прапанаваў прэзідэнту Турцыі Рэджэпу Эрдагану актуалізаваць беларуска-турэцкую супрацу і перазагрузіць шэраг кірункаў з акцэнтам на гандлі і эканоміцы.

«Надышоў момант актывізаваць супрацу, актуалізаваць парадак дня, адкарэктаваць дарожную карту адносінаў», – сказаў Лукашэнка падчас свайго візіту ў Турцыю.

Паводле ягоных слоў, Беларусь адкрыта да супрацы з Турцыяй.

Таксама на сустрэчы абмяркоўваўся рост турэцкіх інвестыцыяў у Беларусь, больш актыўнае ўзаемадзеянне ў сферы турызму, у тым ліку павелічэнне інтэнсіўнасці авіязносін паміж краінамі.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў турэцкаму калегу за запрашэнне на саміт Арганізацыі ісламскай супрацы, які, на ягоную думку, паспрыяе ўсталяванню новых кантактаў з шэрагам краін.

У сваю чаргу Рэджэп Эрдаган назваў Беларусь востравам стабільнасці ў рэгіёне і пацвердзіў гатоўнасць наведаць краіну.

Акрамя таго, бакі абмеркавалі міжнародны парадак дня.

Пасля таго, як турэцкія сілы збілі расейскі бамбавальнік у лістападзе 2015 года, адносіны паміж Расеяй і Турцыяй істотна пагоршыліся. Прэзідэнт Францыі Франсуа Алянд выказваўся нават пра магчымасць вайны паміж дзвюма краінамі.

Праз візіт у Турцыю Аляксандр Лукашэнка можа дэманстраваць Захаду, што ён незалежны ад Масквы гулец. «Акурат такія візіты ўзмацняюць імідж Лукашэнкі як незалежнага аўтаномнага палітыка, рашэнні якога не залежаць ад Масквы. Незачыненае пытанне вайсковай базы, зараз візіт у Анкару, потым даволі асцярожнае стаўленне да канфлікту ў Нагорным Карабаху – усё гэта спрыяе таму, што Захад узмацняе свой падыход адносна таго, што варта падтрымліваць Беларусь», – мяркуе палітолаг Павел Усаў.

МЯ, паводле telegraf.by

Стужка навінаў