Прэзідэнт Літвы: дэкларацыя рыжскага саміту гатовая, фармулёўка аб Крыме засталася


21 траўня Беларусь і Арменія адмовіліся падпісваць дэкларацыю саміту «Усходняга партнёрства».

Чытай таксама >>> Парашэнка: Беларусь адмовілася прызнаць анексію Крыму

Адказваючы на пытанне журналістаў, ці засталася ў дэкларацыі фармулёўка «анексія Крыму», прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайце сказала: «Вядома, без гэтага дэкларацыя не была б прынятая».

22 траўня на з’ездзе Федэрацыі прафсаюзаў у Менску Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь не падпіша дакументаў саміту «Усходняга партнёрства» з антырасейскімі выказваннямі.

«Украінскія падзеі павінны былі ўсіх навучыць, як трэба берагчы мір. Трэба глядзець на галоўнае, вырашаць гэтую праблему, у тым ліку і ва Украіне, іншых дзяржавах. Не, сабраліся на «Усходняе партнёрства». І што? У кожным дакуменце кляймяць ганьбай Расею, не наўпростава, дык ускосна», – сказаў Лукашэнка.

Беларусь падтрымала дэкларацыю Рыжскага саміту Усходняга партнёрства ў цэлым, але з агаворкамі. Пра гэта міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў журналістам па заканчэнні афіцыйнай часткі саміту, піша euroradio.fm.

«Галоўнае ў сённяшняй сітуацыі не зрабіць гучную заяву на адрас кагосьці, а спрабаваць вырашыць тыя праблемы, якія з’яўляюцца актуальнымі для нашага кантынента: забяспечыць мір, стабільнасць і бяспеку ў рэгіёне. І найперш – вырашыць украінскі крызіс. Таму мы ад пачатку былі супраць такіх канфрантацыйных заяў і выступалі за тое, каб фармулёўкі былі арыентаваныя на далейшае развіццё ініцыятывы »Усходняе партнёрства«, якая магла б спрыяць развіццю нашых краінаў-удзельніц. Таму заключная версія дэкларацыі была для нас непрымальная, і мы, з улікам таго, што ў гэтай дэкларацыі ўтрымліваецца шэраг важных для Беларусі момантаў, мы ў цэлым падтрымалі яе, але зрабілі дакладную заяву адносна непрымальных для нас пасажаў у гэтай дэкларацыі», – заявіў кіраўнік беларускага МЗС.

ЮВ, belsat.eu, паводле tass.ru, belta.by

Стужка навінаў