Прэзідэнт Латвіі: Калі Лукашэнка прыедзе ў Рыгу, я з ім сустрэнуся


Прэзідэнт Латвіі Андрыс Бэрзіньш заявіў, што гатовы правесці афіцыйную сустрэчу з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, калі той гатовы прыбыць на саміт Усходняга партнёрства, які пройдзе ў Рызе ў канцы траўня.

Раней пра тое, што Латвія, якая старшынюе сёлета ў Еўразвязе, гатовая запрасіць Лукашэнку на саміт Усходняга партнёрства, заявіў дзяржсакратар Міністэрства замежных спраў Латвіі Андрэй Пілдзяговіч, паведамляе delfi.lv.

«Мы ведаем, што на папярэдніх самітах Аляксандр Лукашэнка не прадстаўляў Беларусь на саміце. Мы гатовыя запрасіць прэзідэнта Беларусі», – растлумачыў палітык падчас прэс-канферэнцыі ў Менску.

Разам з тым Пілдзяговіч адзначыў, што ўзровень прадстаўніцтва на Рыжскім саміце будзе залежаць ад Беларусі. «Мы хочам, каб з боку Менску быў сустрэчны рух, і мы будзем запрашаць Беларусь на ўсе мерапрыемствы», – дадаў дыпламат.

Шведскі праваабаронца Марцін Угла адзначаў раней, што Латвія не павінна запрашаць лідара Беларусі Аляксандра Лукашэнку на травеньскі саміт Усходняга партнёрства, падавала радыё «Свабода».

«Аднак, калі ў дачыненні да Лукашэнкі дзейнічаюць санкцыі ЕЗ, то кіраўніцтва Звязу мусіць тады ануляваць іх», – пісаў Марцін Угла.

Паводле яго, у выніку падзеяў ва Украіне крытыка Бруселем парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі спынілася. Еўразвяз вітае той факт, што Лукашэнка спрабуе займаць у гэтым канфлікце нейтральную пазіцыю. Выглядае, што ЕЗ нават гатовы аднавіць эканамічную і палітычную супрацу з беларускім рэжымам, нягледзячы на ціск, які ў краіне зазнаюць апазіцыянеры ды іншадумцы. Аднак забарона кіраўніку Беларусі ды іншым высокім службовым асобам Беларусі наведваць еўрапейскія краіны па-ранейшаму застаецца ў сіле.

Раней прадстаўнікі ЕЗ неаднаразова падкрэслівалі, што ўмовай аднаўлення супрацы з Беларуссю ёсць вызваленне ўсіх палітвязняў у нашай краіне.

Усходняе партнёрства – праект, створаны Еўрапейскім звязам. Галоўная яго мэта – збліжэнне ЕЗ з шасцю краінамі: Украінай, Малдовай, Азербайджанам, Арменіяй, Грузіяй і Беларуссю.

МЯ, belsat.eu, паводле delfi.lv, svaboda.org

Стужка навінаў